Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гомеля выказваюцца пра ролю Расеі ў падзеях ва Ўкраіне


Казімер Яноўскі, Гомель “Як вы ацэньваеце ролю Расеі ў цяперашніх падзеях ва Украіне”? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў жыхарам Гомеля.

(Хлапец: ) “Расея павінна дапамагчы Ўкраіне, каб тая поўнасьцю не падзялілася”.

(Студэнт: ) “Расея зацікаўлена ў падтрыманьні цесных стасункаў з Украінаю. Яна хоча бачыць прэзыдэнтам Януковіча, паколькі Юшчанка прыхільнік прасоўваньня Ўкраіны да Захаду”.

(Хлапец: ) “Ня ведаю ролі Расеі ва Ўкраіне”.

(Хлапец: ) “Я думаю, што Расея адыгрывае велізарную ролю ў гэтых падзеях, і апошняе слова будзе за Расеяй”.

(Мужчына: ) “Ацэньваю, як спробу навязаць вялікадзяржаўны шавінізм суседняй краіне”.

(Студэнт: ) “Расея хоча атрымаць сваю выгаду з таго, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне”.

(Хлапец: ) “Апазыцыя дамаглася свайго пад ціскам Захаду. Але ў прынцыпе ўсё залежыць ад саміх украінцаў. Расея падтрымае таго прэзыдэнта, які там будзе”.

(Дзяўчына: ) “Я ўвесь час чую, што хтосьці Ўкраіне дапамагае. Расея, па-мойму, ніяк не дапамагае”.

(Студэнтка: ) “На мой погляд, усё, што адбываецца ва Ўкраіне, ні ад каго не залежыць”.

(Студэнтка: ) “Падтрымліваюць расейцы Януковіча. Расеі гэта выгадна, таму яна і выступае за Януковіча”.

(Хлапец: ) “Палітыка – брудная справа”.

(Мужчына: ) “Пуцін трусавата вядзе палітыку”.

(Мужчына: ) “Кучма займае няпэўную пазыцыю. Адпаведна паводзіць сябе і Расея”.

(Студэнт: ) “Расея імкнецца прыбраць Украіну да сваіх рук, але нічога з гэтага ня атрымаецца”.

(Студэнтка: ) “Украіна, як я чула (у мяне там шмат знаёмых жыве), ня любіць маскалёў, і яна не аддасьць ім сваю тэрыторыю”.

(Мужчына: ) “Няма чаго там расейцам рабіць. Украіна няхай сама вырашае ўсе свае пытаньні”.

(Мужчына: ) “Ніякай ролі яна там не адыгрывае”.

(Жанчына: ) “Кожная дзяржава сама павінна разьбірацца і наводзіць у сябе парадак у краіне”.

Гэта былі адказы гамельчукоў на пытаньне тыдня.
XS
SM
MD
LG