Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняка абвінавачваюць у парушэньні працоўнай дысцыпліны


Браніслава Станкевіч, Віцебск Былога супрацоўніка Сеньненскага раённага радыё Алеся Пазьняка, які працытаваў у эфіры апазыцыйную газэту “Выбар”, вінавацяць у самаўпраўстве ды парушэньні працоўнай дысцыпліны. Гэтыя абвінавачаньні выкладзеныя ў позьве на пасяджэньні адміністрацыйнай камісіі, якая вызначыць пакараньне для ўжо звольненага з працы журналіста.

Паводле адміністрацыйнага кодэксу, Алесю Пазьняку пагражае штраф памерам да трох базавых велічыняў. Менавіта такое пакараньне прадугледжана артыкулам “Самаўпраўства”, але сам журналіст катэгарычна ня згодны з такім абвінавачаньнем.

(Пазьняк: ) “З майго боку ніякага самаўпраўства не было – гэта быў мой плянавы выхад у эфір. І я расказаў пра слаўнае мінулае Беларусі, пра якое ў нашым райцэнтры людзі ведаюць мала або ня ведаюць увогуле”.

Нагадаем, што гэты выхад у эфір, дзе Алесь Пазьняк разважаў пра беларускую гісторыі ды прыводзіў цытаты з апазыцыйнай віцебскай газэты “Выбар”, быў для журналіста апошнім: якраз напярэдадні рэдактар раённай газэты Міхаіл Бялоў паведаміў, што звальняе яго за парушэньне працоўнай дысцыпліны, і што праз два дні мусіць адбыцца афіцыйнае афармленьне дакумэнтаў.

На думку Алеся Пазьняка, сапраўднай прычынай звальненьня сталіся ягоныя палітычныя погляды ды сяброўства ў КХП БНФ.

Таму ён вырашыў скарыстаць апошнюю магчымасьць, каб зьвярнуцца да землякоў са сваёй прамоваю, якая выклікала ня толькі зьдзіўленьне ды павагу жыхароў Сянна, але й ідэалягічную праверку з абласнога цэнтру.

Рэдактара Міхаіла Бялова папярэдзілі, а справу былога радыёжурналіста цяпер будзе разглядаць адміністрацыйная камісія Сеньненскага райвыканкаму.
XS
SM
MD
LG