Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага вязьня сумленьня падтрымаў і расейскі гурт “Ленинград”, і культавы брытанскі гурт “The Cure”


Сьвятлана Курс, Прага Да Міжнароднага дня абароны правоў чалавека карэспандэнт Радыё Свабода Дон Гіл піша пра выпадак Юрыя Бандажэўскага – сусьветна вядомага навукоўца, беларускага вязьня сумленьня. Нядаўна два культавыя рок-гурты – брытанскі “The Cure” і расейскі “Ленінград” – выказаліся ў падтрымку Бандажэўскага.

Міжнародны дзень правоў чалавека з ініцыятывы ААН сьвяткуецца 10 сьнежня. У гэты дзень у 1948 годзе была прынятая “Дэклярацыя правоў чалавека”. Аднак дагэтуль сотні людзей па ўсім сьвеце сядзяць у камэрах і лягерох за свае перакананьні. Праваабаронцы называюць іх вязьнямі сумленьня. Шмат хто зь іх безыменны й забыты. Лёс іншых знаходзіцца пад пільнай грамадзкай увагай, бо праваабаронцы не заплюшчваюць вачэй на злоўжываньні ўрадаў.

Лёнданскі гурт “The Cure” вядомы з 1970-х. Але мінулым летам музыкі выступілі ў нечаканай ролі. Побач зь ня менш культавым гуртом “Ленинград” брытанскі гурт “The Cure” выступіў у падтрымку Юр’я Бандажэўскага, які ўжо пяты год – вязень беларускіх турмаў.

Беларускія ўлады кажуць, што Бандажэўскі – звыклы крымінальнік, які на пасадзе рэктара Гомельскага мэдінстытуту браў хабар ад абітурыентаў. Праваабаронцы, у тым ліку Беларускі Хэльсынскі камітэт і “Міжнародная Амністыя” сьцьвярджаюць, што Бандажэўскі зьняволены за тое, што адкрыў сьвету праўду пра наступствы Чарнобыля.

Міжнародная супольнасьць неаднойчы заклікала беларускія ўлады вызваліць Бандажэўскага. Сёньня, у Дзень правоў чалавека, яго згадваюць зноў. Сяргей Нікіцін, дырэктар маскоўскага аддзяленьня “Міжнароднай Амністыі” ў Маскве, падзякаваў рок-гурту “The Cure” і іншым гуртам за ўвагу да выпадку Бандажэўскага:

(Нікіцін: ) “Ягонае імя зноў зьявілася ў навінах у апошні час і ў Беларусі, і ў Расеі, з прычыны таго, што некалькі вельмі вядомых музыкаў – уключаючы гурт “The Cure” падпісалі хадайніцтвы да прэзыдэнта Беларусі з просьбаю вызваліць Бандажэўскага”.

Пасьля Чарнобыльскай катастрофы тысячы дзяцей і дарослых хварэюць і паміраюць ад апраменьваньня. Дасьледаваньне Бандажэўскага паказала, што больш за 1,5 млн. чалавек жывуць на забруджаных тэрыторыях, што прывяло да тысячаў сьмяротных хваробаў, нечаканых сьмерцяў, прыроджаных захворваньняў, выкідышаў. Аляксандар Лукашэнка працягнуў практыку савецкіх часоў, калі наступствы Чарнобыльскага выбуху хаваліся ад грамадзкасьці. Абыякавае стаўленьне ўладаў да жыцьцяў сваіх грамадзянаў стала занадта відавочным. І ўлады прынялі свае меры. Уночы 13 ліпеня 1999 г. Бандажэўскі быў арыштаваны быццам бы ў рамках надзвычайных мераў супраць тэрарызму. Празь месяц зьвінавачаньне памянялі на “хабарніцтва” і асудзілі навукоўца на 8 гадоў турмы.

Нікіцін лічыць, што апошнім часам здароўе Бандажэўскага сур’ёзна пахіснулася, таму ўмяшаньне міжнароднай супольнасьць мусіць стаць больш настойлівым. Хаця надзеі на вызваленьне мала.

(Нікіцін: ) “Мы пакуль не атрымалі адказу ад беларускіх уладаў. Але я аптыміст, я веру, што трэба прыкладаць намаганьні, спрабаваць нешта рабіць, прыцягваць увагу людзей да таго, што ў Беларусі ёсьць вязьні сумленьня, гэта дапамагае зьняволеным. І я вельмі ўсьцешаны, што некалькі газэтаў у Беларусі надрукавалі гэтую інфармацыю. Бо людзі ў Беларусі даведаліся пра гэта”.

Аднак наколькі хадайніцтва гуртоў дапаможа Бандажэўскаму?

Гізэр Макджыл, спэцыялістка па Беларусі зь лёнданскага аддзяленьня “Міжнароднай амністыі”, лічыць:

(Макджыл: ) “Мы маем досьвед працы з выпадкамі доўгатэрміновых вязьняў сумленьня. Цяжка сказаць у выпадку посьпеху, што гэта вынік працы “Міжнароднай амністыі”. Але мы сапраўды лічым, што засяроджваючы ўвагу на такіх выпадках, не даючы забыцца пра іх – а гэта галоўнае – мы можам дасягаць посьпехаў. Мы спадзяемся на посьпехі. Мы не заўсёды іх дасягаем, але гэта адзіны мэтад”.

Тым часам, “The Cure” нагадвае сьвету пра Бандажэўскага і пра такіх, як ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG