Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША таксама забароняць уезд беларускім чыноўнікам, што адказныя за фальсыфікацыі выбараў


RFE/RL Злучаныя Штаты Амэрыкі далучаюцца да нядаўняга рашэньня Эўрапейскага Зьвязу забараніць уезд на сваю тэрыторыю беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальшаваньне выбараў і рэфэрэндуму, а таксама перасьлед апанэнтаў рэжыму.

Аб гэтым заявіў намесьнік прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі. У заяве таксама гаворыцца, што Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз ня раз выказвалі заклапочанасьць з нагоды адмовы Беларусі выконваць свае міжнародныя заабавязаньні ў галіне правоў чалавека.

Апошні раз гэтая адмова праявілася ў некарэктным рэфэрэндуме і парлямэнцкіх выбарах, а таксама ў неапраўдана жорсткай рэакцыі на мірныя пратэсты пасьля выбараў.

“Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, падпісаны прэзыдэнтам Бушам 20 кастрычніка, – гаворыцца далей у заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – дэманструе шырокую амэрыканскую падтрымку беларускаму народу ў яго імкненьні да дэмакратычных пераменаў. Згодна з “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі” Злучаныя Штаты далучаюцца да Эўрапейскага Зьвязу і заклікаюць беларускія ўлады зьмяніць цяперашні курс і датрымваць свае міжнародныя заабавязаньні ў галіне дэмакратычных правоў грамадзянаў.

Як вядома 13 сьнежня Рада ў справах агульных пытаньняў і зьнешніх дачыненьняў Эўразьвязу будзе разглядаць прапановы наконт забароны ўезду на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу шэрагу беларускіх чыноўнікаў, датычных да фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, а таксама перасьледу палітычных апанэнтаў улады.

Чакаецца, што сьпіс чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд у ЗША будзе скаардынаваны з Эўразьвязам, аднак прадстаўнік Дзярждэпартамэнту патлумачыў, што сьпіс чыноўнікаў яшчэ ня складзены.
XS
SM
MD
LG