Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выстава памяці нацыянальнага генія


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Сёньня ў Наваполацку ўрачыста адчынілася выстава ўдзельнікаў мастацкага пленэру, прысьвечанага памяці Васіля Быкава.

Прачнуўся ранак: росны, трапяткі, І першым промнем з гораду паклікаў На волю, дзе ні грукату, ні зыкаў, Дзе сонейка вітаюць жаўрукі.

Я не люблю куплёныя вянкі, Сказёнена-хаўтурны сьпеў музыкаў, І ў дзень, калі ад нас сыходзіць Быкаў, Зьбіраю кветкі ў глечык ля ракі.

Узгадавала родная зямля Тут васількі для дзядзькі Васіля — Сінечу поле жытняе люляе.

Букет нібыта зь неба я стварыў Ды роспачна сумленьне назаляе: Чаму жывому кветкі не дарыў?..

Гэтыя пранікнёныя вершы, якія прачытаў на адкрыцьці выставы вядомы беларускі мастак, фотамайстар і паэт Георгі Ліхтаровіч перадаюць настрой сёньняшняй імпрэзы — урачыстасьць з дамешкам смутку ад таго, што няма ўжо з намі Васіля Быкава, вялікага грамадзяніна і пісьменьніка. Сёлета яму споўнілася б восемдзесят гадоў, і з гэтай нагоды на Вушаччыне, радзіме пісьменьніка, быў зладжаны мастацкі пленэр, у якім бралі ўдзел 25 мастакоў з усіх рэгіёнаў краіны. Творцы ня толькі малявалі краявіды, але й сустракаліся з роднымі й блізкімі пісьменьніка, хадзілі тымі сьцежкамі, па якіх бегаў калісьці падлетак Васіль, сын Уладзімера і Ганны.

Агулам на выставе дэманструецца 70 жывапісных і графічных працаў, але гэта толькі частка творчага набытку мастакоў, якія далучыліся душою да мясьцінаў, асьвечаных геніям Быкава. Сам пленэр быў арганізаваны на грамадзкіх асновах, і ніякай дапамогі ад дзяржавы яго арганізатары не атрымалі. Ну а непасрэдным натхняльнікам і арганізатарам творчай акцыі быў культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча на чале са спадарыняй Адай Райчонак. Ёй слова:

(Райчонак: ) “На літаратурна-мастацкі пленэр, прысьвечаны памяці Васіля Быкава, сабраліся лепшыя сыны і дочкі беларускага народу, гонар нашай нацыі. Я вельмі хвалявалася, бо гэта быў вельмі адказны момант. Трэба было данесьці да беларускага народу воблік нашага нацыянальнага героя Васіля Быкава”.

Пасьля Наваполацку выстава пераедзе ў Віцебск, а адтуль у Менск. Вядуцца перамовы аб яе дэманстрацыі ў Празе — месьце, у якім народны пісьменьнік правёў апошнія гады жыцьця.
XS
SM
MD
LG