Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Заходнія дзяржавы ўзялі курс на тое, каб раскалоць уладу ў Беларусі”


Юры Сьвірко, Менск Прадстаўляючы калектыву сваёй адміністрацыі яе новага кіраўніка Віктара Шэймана, Аляксандар Лукашэнка заклікаў гэты калектыў быць “шчупальцамі, кантралёрамі, фільтрам, чым заўгодна” — абы толькі засьцерагчы прэзыдэнта ад няслушных рашэньняў. Былы начальнік аднаго з упраўленьняў прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Фядута кажа, што спадар Лукашэнка пільна сочыць за падзеямі ва Ўкраіне й непакоіцца, што такое можа паўтарыцца ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка заявіў супрацоўнікам прэзыдэнцкай адміністрацыі, што заходнія стратэгі выпрацоўваюць асабліва агрэсіўную тактыку ў дачыненьні да Беларусі, але ён не дапусьціць расколу ўлады і паўтору падзеяў у суседніх дзяржавах. Зьвяртаючыся да падначаленых, Аляксандар Лукашэнка сказаў:

(Лукашэнка: ) “Вы як шчупальцамі сваімі павінны пранізваць усё грамадзтва й адчуваць”.

Аляксандар Лукашэнка спаслаўся на кампэтэнтныя органы й заявіў, што ў тактыцы Захаду зьяўляюцца новыя элемэнты — стаўка робіцца ўжо ня толькі на палітычныя партыі, а на “вэрбоўку ў шэрагі апазыцыі прадстаўнікоў уладных структураў, падрыхтоўку сваіх стаўленікаў у моладзевым асяродку ды масіраваную дыскрэдытацыю дзейнай улады”.

Вось як камэнтуе гэтую цытату былы начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута:

(Фядута: ) “Я не лічу, што спадара Ерына або спадара Латыпава хосьці здолеў бы завэрбаваць. Гэта дастаткова палітычныя фігуры. Палітыкі не вэрбуюцца — палітыкі робяць свой палітычны выбар. Палітычны выбар зрабілі абодва гэтыя вядомыя нашы былыя супрацоўнікі КГБ — калі зрабілі ўсё, каб адысьці”.

Паводле спадара Лукашэнкі, “заходнія дзяржавы ўзялі курс на тое, каб раскалоць уладу ў Беларусі, а дакладней — адкалоць прэзыдэнта ад усяе вэртыкалі ўлады і навязаць, запалохваючы астатніх, тую пазыцыю, якую яны б хацелі бачыць у дзяржаве”.

“Трэба сказаць, што некаторыя паддаюцца”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка й заклікаў супрацоўнікаў сваёй адміністрацыі:

(Лукашэнка: ) “Вы — кантралёры, вы — фільтар, вы — што заўгодна, вы павінны засьцерагчы прэзыдэнта ад няслушных рашэньняў. Вы можаце мяне насьцярожваць па любым пытаньні, па любой праблеме, якая ня так вырашаецца — з вашага пункту погляду — у дзяржаве”.

Паводле спадара Лукашэнкі, “апошнія падзеі ў суседніх дзяржавах паказваюць, наколькі важным чыньнікам у захаваньні стабільнасьці ёсьць моцная ды аўтарытэтная ўлада”. Ён сказаў: “Як толькі пачынаюцца хістаньні, пасіўнасьць і слабасьць улады, дык адразу гэтым карыстаюцца дэструктыўныя сілы. Кіраваныя імі моладзь, вулічны натоўп і бесьперапынная мітынгоўшчына паралізуюць дзяржаву, прыводзяць да анархіі й глыбокага крызісу ўсяго грамадзтва. Слушна кажуць, што разумны вучыцца на чужых памылках, і таму сёньня трэба працаваць на прадухіленьне”.

Аляксандар Лукашэнка заклікаў “своечасова гасіць разбуральныя палітычныя тэхналёгіі, якія прымяняюць замежныя стратэгі”.

Былы прэсавы сакратар спадара Лукашэнкі Аляксандар Фядута кажа, што кіраўнік беларускай дзяржавы вельмі пільна сочыць за падзеямі ў Кіеве:

(Фядута: ) “Ён разумее: тое, што адбылося, калі на бок апазыцыі пачалі пераходзіць ня проста якіясьці там дзяржаўныя службоўцы, але супрацоўнікі спэцслужбаў, супрацоўнікі арміі, Службы бясьпекі Ўкраіны й гэтак далей, — гэта сапраўды вельмі такі сур’ёзны чыньнік. І вядома, ён спадзяецца, што ён здолее гэтага не дапусьціць. Але ўсё ж такі нейкія адчуваньні таго, што гэта магчыма і ў нас, ён мае”.
XS
SM
MD
LG