Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пачаў дзейнічаць новы выбарчы закон. Апазыцыя здымае блякаваньне адміністрацыйных будынкаў у Кіеве


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня пасьля афіцыйнай публікацыі ў газэце “Голас Украіны” пачаў дзейнічаць абноўлены закон аб выбарах прэзыдэнта, паводле якога пройдзе галасаваньне 26 сьнежня.

Новы закон скіраваны супраць тых мэханізмаў, якія былі раней выкарыстаныя для масавых парушэньняў і фальсыфікацыяў вынікаў выбараў. Згодна з законам, цягам наступных двух тыдняў будуць сфармаваныя новыя тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі на прынцыпах парытэту кандыдатаў у прэзыдэнты. Будуць складзеныя новыя сьпісы выбаршчыкаў, колькасьць адмацавальных пасьведчаньняў для галасаваньня скарачаецца ў восем разоў, і кантроль за іх выкарыстаньнем робіцца жорсткім — адпаведныя адзнакі будуць ставіцца ў пашпартах грамадзян. Па-за межамі ўчасткаў прагаласаваць змогуць толькі інваліды першай групы альбо асобы, якія ня могуць рухацца самастойна.

У выпадку перашкодаў для дзейнасьці сябраў выбарчых камісіяў, назіральнікаў і журналістаў на пэўных участках выбары на іх могуць быць прызнаныя несапраўднымі. Абодва кандыдаты ў прэзыдэнты Віктар Юшчанка і Віктар Януковіч ужо вярнуліся да агітацыйнай кампаніі.

Тым часам маніфэстанты ў Кіеве разблякавалі будынак ураду і часткова — прэзыдэнцкай адміністрацыі. Намётавы гарадак на Храшчаціку застаецца.

Разам з законам аб выбарах прэзыдэнта былі ўхваленыя і зьмяненьні ў Канстытуцыю. Паводле іх урад будзе фармаваць парлямэнт, прызначаючы прэм’ера, міністра замежных справаў, сілавых міністраў, а таксама генэральнага пракурора паводле прапановы прэзыдэнта. Істотна паменшаныя будуць паўнамоцтвы прэзыдэнта і на рэгіянальным узроўні, дзе ўлада больш сканцэнтруецца ў рамках мясцовага самакіраваньня. Прэзыдэнт ня зможа самастойна прызначаць і звальняць сябраў ураду і кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Шэраг прэзыдэнцкіх функцыяў пяройдзе да парлямэнту і ўраду.

Вярхоўная Рада будзе прызначаць кіраўнікоў Дзяржтэлерадыё, Антыманапольнага камітэту, Фонду дзяржаўнай маёмасьці. Урад зможа прызначаць кіраўнікоў мясцовых дзяржаўных органаў улады, якія будуць дзейнічаць паралельна зь мясцовым самакіраваньнем. Усе гэтыя зьмены магчымыя з 1 верасьня 2005 году альбо 1 студзеня 2006 году, на справе ж іх ажыцьцяўленьне рэальнае толькі пасьля парлямэнцкіх выбараў 2006 году. Такім чынам пераможцу сьнежаньскіх выбараў будзе адведзена паўтара году для працы ў ранейшым рэжыме.

Паводле кіеўскага палітоляга Віктара Небажэнкі, прэзыдэнцкая ўлада ва Ўкраіне скароціцца ў дзесяць разоў, а ягоны калега Ўладзімер Палахала лічыць, што ў выніку кампрамісу з Кучмам аранжавая рэвалюцыя прайграла, бо ўладныя эліты, зьвязаныя зь ім, атрымалі шанец на выжываньне.

Пагадненьні ў парлямэнце на карысьць ня Юшчанкі ці Кучмы, а ўсяго ўкраінскага народу, гаворыць вядомы ўкраінскі палітоляг Уладзімер Малянковіч:

(Малянковіч: ) “Галоўнае тут — зьмяненьні ў Канстытуцыю, якія мяняюць нашую палітычную сыстэму радыкальна ў бок эўрапейскіх формаў кіраваньня дзяржавай”.

Уладзімер Малянковіч упэўнены, што Кучма ня здолее застацца пры ўладзе. Спадар Малянковіч прагназуе, што пры новым заканадаўстве на выбарах 26 сьнежня з адрывам 15% пераможа Віктар Юшчанка. Ён выйграе выбары ў 18–20 абласьцях, паколькі шэраг паўднёвых абласьцей, якія раней падтрымлівалі Януковіча, пяройдуць на бок Юшчанкі. Нягледзячы на ўхваленыя папраўкі ў Канстытуцыю, Юшчанка зможа заставацца паўнаўладным прэзыдэнтам больш за год, у тым ліку ён пасьпее сфармаваць новы ўрад, кажа спадар Малянковіч.

(Малянковіч: ) “Закон дэ факта ўступіць у сілу пасьля парлямэнцкіх выбараў. Так што ў Юшчанкі ў выпадку ягонай перамогі будзе недзе год і тры-чатыры месяцы для рэалізацыі тых абяцаньняў, якія ён дае цяпер”, — сказаў кіеўскі палітоляг Уладзімер Малянковіч.

Ягоны калега Даніла Янеўскі лічыць, што ўсё яшчэ застаецца некалькі варыянтаў магчымага разьвіцьця падзеяў, паколькі Кучма і ягоныя прыхільнікі будуць імкнуцца рабіць нейкія контаратакі. У тым ліку нельга гарантавана казаць і пра перамогу Юшчанкі на выбарах 26 сьнежня, зазначыў палітоляг Даніла Янеўскі.

(Янеўскі: ) “Калі выбары адбудуцца, то мы можам гаварыць, што Юшчанка выйграе з разрывам у два разы. Але гэта пры ўмове, што выбары адбудуцца і што там ня будзе вялікіх парушэньняў, якія дазволяць супрацьлегламу боку зноўку падаць скаргу ў Вярхоўны суд, і зноўку цягнуць усю гэтую справу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG