Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адсьвяткавалі ўгодкі нараджэньня Максіма Багдановіча


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Менску адзначылі 113-я ўгодкі з дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Каля помніка адбыліся паэтычныя чытаньні, а ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча — сьвяточная вечарына. Арганізатарам імпрэзаў выступіў літаратурны музэй паэта, а ўдзельнікамі сталі вядомыя ў краіне пісьменьнікі, музыкі, школьнікі й прыхільнікі творчасьці паэта.

Багдановічаву “Зорку Вэнэру” каля помніка паэту сьпяваў колішні саліст хору опэрнага тэатру Ўладзімер Цімашэвіч. Таксама тут гучала ягоная “Пагоня” і многія вершы, якія чыталі менскія школьнікі. Адна з удзельніц імпрэзы — Лета Юстыновіч — зьвярнула на гэта асаблівую ўвагу.

(Юстыновіч: ) “Сёлетняе сьвята крыху не падобнае на іншыя, бо штогоду сюды прыходзіць усё больш моладзі, і нас гэта вельмі цешыць”.

Ускладаньне кветак да помніка Максіму Багдановічу ў дзень народзінаў — імпрэза штогадовая. Але сёлета разам з традыцыйнымі бел-чырвона-белымі гвазьдзікамі й стужкамі да манумэнту ляглі таксама кветкі аранжавых колераў. Гэта знак салідарнасьці з народам Украіны, які цяпер змагаецца за сваю свабоду, — патлумачыла яшчэ адна ўдзельніца сьвята Вера Ціцянкова.

(Ціцянкова: ) “Вельмі радасна, што тут ёсьць аранжавыя колеры. І ў нас ёсьць спадзеў, што і ў нашай краіне зьменіцца ўсё да лепшага. Няхай жыве Максім Багдановіч і Жыве Беларусь!”

Угодкі народзінаў паэта завершыліся сьвяточнай імпрэзай у літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесьці Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG