Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго зь беларускіх чыноўнікаў варта было б уключыць у сьпіс невыязных у краіны Захаду?


Альгерд Невяроўскі, Менск 13 сьнежня Рада ў справах агульных пытаньняў і зьнешніх дачыненьняў Эўразьвязу будзе разглядаць прапановы наконт забароны ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу шэрагу беларускіх чыноўнікаў, датычных да фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, а таксама перасьледу палітычных апанэнтаў улады. Каго варта было б уключыць у такі сьпіс? — запытаўся ў апазыцыйных беларускіх палітыкаў наш карэспандэнт.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі лічыць, што ў такі сьпіс трэба ўнесьці чыноўнікаў, якія адкрыта парушаюць правы чалавека:

(Дабравольскі: ) “Я лічу, што трэба ўключыць у такі сьпіс тых чыноўнікаў, якія адкрыта парушаюць правы чалавека, і гэта даказана. Напрыклад, судзьдзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды. Ці міліцыянтаў, якія зьбіваюць людзей. А таксама ўсіх фальсыфікатараў, чые дзеяньні па фальсыфікацыі выдомыя і даказаныя. І таму, безумоўна, людзі, якія ня хочуць, каб нашая краіна стала дэмакратычнай і эўрапейскай, няхай ня езьдзяць у тую Эўропу, калі яна ім не падабаецца”.

А вось лідэр сацыял-дэмакратычнай “Народнай грамады” Мікола Статкевіч мяркуе, што ўносіць у сьпіс міліцэйскіх афіцэраў нямэтазгодна:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што найперш трэба было б уключаць тых, хто займаўся выбарамі. У першую чаргу гэта старшыні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісіяў. Магчыма, варта ўключыць асабліва выбітных старшыняў участковых камісіяў. Што тычыцца афіцэраў, якія мусяць выконваць загад, то іх уключэньне ў такія сьпісы, я думаю, нічога ня дасьць. Таму што яны не ўплываюць на ўладу”.

Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін таксама лічыць, што ў сьпіс трэба ўключаць найперш тых, хто фальсыфікаваў выбары:

(Калякін: ) “Трэба ўключаць усіх тых, хто фальсыфікаваў выбары, хто выступаў супраць дэмакратызацыі Беларусі. Тыя, хто фактычна зьдзяйсьняў злачынствы, фальсыфікуючы волевыяўленьне народу. Я думаю, усім ім трэба абмежаваць выезд у краіны Эўразьвязу. Старшыні выбарчых камісіяў павінны трапіць у гэты сьпіс, якія непасрэдна самі займаліся фальсыфікацыяй. Пэўная частка працаўнікоў ідэалягічнай вэртыкалі. Сьпіс можа быць вельмі шырокім”.

Зь лідэрам ПКБ пагаджаецца і намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Думаю, што ўсе людзі, якія мелі непасрэднае дачыненьне да фальсыфікацыяў выбараў, безумоўна, павінны падпадаць пад такія абмежаваньні. Абмежаваньне для выезду — гэта проста папярэджаньне. Калі Эўропа зробіць такія абмежаваньні, гэта будзе слушны крок. Адзінае, хацелася б, каб на першай хвалі не спыніліся — таму што выявіць усіх злачынцаў адразу цяжка. Таму трэба, каб гэтая палітыка працягвалася”.
XS
SM
MD
LG