Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не чакае зьменаў у стасунках з Расеяй ані ў 2005, ані ў 2006 годзе


Юры Сьвірко, Менск Хаця напярэдадні МЗС Расеі ў сваёй заяве з нагоды 5-годзьдзя саюзнай дзяржавы тройчы нагадала пра валютны саюз і пераход Беларусі з 1 студзеня 2006 году на расейскія рублі, афіцыйны Менск паставіўся да гэтага скептычна. Беларускае МЗС таксама заявіла, што ад 1 студзеня 2005 году ня будзе ніякіх зьменаў рэжыму паездак грамадзянаў у Расею.

Беларускія ўлады ніяк не адзначылі 5-годзьдзе дамовы з Расеяй аб стварэньні саюзнай дзяржавы. А ў чацьвер на брыфінгу ў МЗС яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных адмовіўся камэнтаваць заяву расейскага дыпляматычнага ведамства з гэтай нагоды. Спадар Савіных сказаў, што яшчэ яе не чытаў, а пытаньне наконт валютнага саюзу перанакіраваў у Нацбанк.

Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Беларусі Міхаіл Журавовіч заявіў, што гэта пытаньне не да яго ведамства. А ў Савеце Міністраў Беларусі мне нагадалі, што падпісанае й ратыфікаванае міжурадавае пагадненьне дагэтуль прадугледжвае тэрмін пераходу на расейскія рублі з 1 студзеня 2005 году, то бок праз тры тыдні. Ніякіх зьменаў афіцыйна ў гэты дакумэнт ня ўнесьлі, таму сочынская заява двух прэзыдэнтаў застаецца вусным пажаданьнем.

На думку беларускіх урадоўцаў, пра тую ўгоду можна ўжо забыцца, а Беларусь на расейскія рублі найбліжэйшымі гадамі не пяройдзе. Такое ж меркаваньне мае былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Я думаю, што не пяройдзе — з эканамічных меркаваньняў, зьвязаных з асобай Лукашэнкі, які баіцца згубіць сваю ўладу над Беларусьсю”.

Ад 1 студзеня 2005 году чакалася яшчэ адна навацыя ў стасунках з Расеяй — пераход на рэжым паездак грамадзян толькі па замежных пашпартах. То бок расейцы з унутранымі пашпартамі лічыліся бы ў Беларусі парушальнікамі, як і дарослыя беларусы ў Расеі бяз штампаў дазволу выезду за мяжу ці беларускія дзеці без пашпартоў.

Афіцыйная Масква шмат разоў заяўляла, што вынятак зроблены толькі для грамадзянаў Украіны. Аднак прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных зазначыў:

(Савіных: ) “Для Рэспублікі Беларусь ніякай праблемы такі парадак перасячэньня мяжы не выклікае. Пашпарты выдаюцца дзецям — выдаюцца бясплатна, як вы ведаеце, і праблемаў тут ніякіх няма.Але трэба адзначыць, што такое рашэньне дагэтуль не прынятае. То бок тая інфармацыя, якую вы прачыталі ў газэтах, не адпавядае рэчаіснасьці. Калі будзе прынятае такое рашэньне — мне цяжка сказаць”.

Але спадар Савіных заўважыў, што пытаньне пра паездкі грамадзян тых краін, якія маюць паміж сабой бязьвізавы рэжым, абмяркоўваецца, і падчас гэтых кансультацыяў адмыслоўцы кажуць, што галоўным дакумэнтам падчас перасячэньня мяжы мусіць быць пашпарт, і гэтае палажэньне павінна распаўсюджвацца на дзяцей.
XS
SM
MD
LG