Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 сьнежня на Віцебшчыне адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё выставы ўдзельнікаў “быкаўскага” мастацкага пленэру


Браніслава Станкевіч, Віцебск Плэнэр праходзіў сёлета з 5-га па 13-га жніўня ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну, на малой радзіме Васіля Быкава.

Напачатку мастакі меркавалі, што экспазыцыя твораў з “быкаўскага” пленэру сьпярша адчыніцца ў Менску, а ўжо потым паедзе па іншых гарадох Беларусі і, магчыма, нават пабывае ў тых краінах, дзе ў апошнія гады свайго жыцьця давялося жыць Васілю Быкаву.

Але выйшла так, што сёньня плён творчасьці ўдзельнікаў пленэру ў вёсцы Бычкі ўпершыню ўбачаць жыхары Наваполацку. Туды зьедуцца і мастакі, якія больш як тыдзень правялі ў Бычках і малявалі быкаўскія мясьціны – краявіды, партрэты землякоў, суседзяў.

Мне давялося быць на закрыцьці пленэру 13-га жніўня, і якраз тады жыхары Бычкоў сталіся, па сутнасьці, самымі першымі гледачамі мастакоўскіх твораў – калі мастакі разьвесілі свае карціны проста на падворку быкаўскага музэю, на плоце ды на сьценах хаты, зробленай адмыслова пад музэй па ўзоры той, дзе прайшло маленства Васіля Быкава.

Пра тое, наколькі прадстаўнічай будзе сёньняшняя афіцыйная выстава, я папрасіла расказаць аднаго зь віцебскіх мастакоў-удзельнікаў, Міхася Ляўковіча:

(Ляўковіч: ) “Калі прыкінуць, што 25 мастакоў прывязуць, як мы ім сказалі, па тры карціны, то ўжо можна ўявіць, якая гэта будзе выстава. Мы спачатку зьбіраем усё ў Наваполацку, каб потым ужо ўсе працы былі падрыхтаваныя, і ўжо больш пашыраная выстава будзе ў Віцебску, а потым, самая прадстаўнічая – ужо ў Менску, магчыма, у касьцёле сьвятых Сымона ды Алены”.

Застаецца хіба дадаць, што ў Віцебску адкрыцьцё экспазыцыі заплянаванае ў студзені, а ў Менску – ужо ў лютым.

Арганізатарамі як выставы, так і самога быкаўскага пленэру, былі прадстаўнікі ТБМ – уласна, Віцебская абласная рада ТБМ і прапанавала правесьці пленэр у Бычках, прысьвечаны 80-м угодкам Васіля Быкава. Дапамагалі ажыцьцяўленьню гэтага праекту яшчэ дзьве грамадзкія суполкі: шаркоўшчынскі “Цэнтар імя Язэпа Драздовіча” ды віцебскі “Фонд імя Льва Сапегі”.

Дарэчы, дзякуючы гэтай іхнай ініцыятыве ў пленэры ўзялі ўдзел больш як 60 мастакоў ды літаратараў, якія таксама прыяжджалі ў Бычкі, а цяпер, магчыма, прыедуць і ў Наваполацак на адкрыцьцё выставы.

А налета на Віцебшчыне, магчыма, адбудзецца новы пленэр ды новыя выставы, прысьвечаныя ўжо 75-м угодкам яшчэ аднаго знакамітага земляка – аршанца Уладзімера Караткевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG