Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кантрабандысты вязуць у Беларусь тытунь з памежных расейскіх абласьцей


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Кантрабанда тытуню – гэта праблема памежнай Магілёўскай вобласьці. Апошнім разам буйную партыю кантрабанды міліцыянты затрымалі ў Бабруйску. Там у маладой жанчыны канфіскавалі амаль 5 з паловай тысяч пачак цыгарэтаў без беларускіх акцызных марак. Як міліцыянты змагаюцца з кантрабандай тытуню?

Магілёўская вобласьць мяжуе са Смаленскай і Бранскай абласьцямі, гэта больш за 400 кілямэтраў адкрытай мяжы. Паліва, харчы, алькаголь і таксама тытунь каштуюць у Расеі меней. Розьніца цэнаў дае магчымасьць нядрэнна зарабіць, і гэта ёсьць прычына кантрабанды тытуню.

Напрыклад, нядаўна ў Горацкім раёне затрымалі жыхара Бярэсьця, у аўтамабілі якога было 12,5 тысяч пачак цыгарэтаў “Мальбара” расейскай вытворчасьці на суму 30 мільёнаў рублёў.

Начальнік аддзелу ўправы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Андрэй Еўдакімаў гаворыць, што міліцыянты маюць дакладную задачу і выконваюць яе.

(Еўдакімаў: ) “Наша задача – даць дарогу нашаму вытворцу, той жа Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы, каб набывалі наша, беларускае. Гэта ідзе абарона ўнутранага рынку”.

Наколькі істотная гэта розьніца ў беларускіх і расейскіх коштах на цыгарэты? Калі супаставіць кошты на пачак сярэдніх цыгарэтаў у розьнічным гандлі, то ў Расеі таньней прыкладна на 300 беларускіх рублёў. Паводле Андрэя Еўдакімава, кантрабандысты маюць з пачка цыгарэтаў даход, які складае да 40 адсоткаў ад яго кошту.

Аднак міліцыянты нагадваюць, што пакараньне за ўвоз на тэрыторыю Беларусі безакцызных цыгарэтаў больш за 1 дазволены блёк – даволі сур’ёзнае. У жанчыны з Бабруйска, згаданай напачатку рэпартажу, ня толькі канфіскавалі тавар: ёй яшчэ пагражае грашовае спагнаньне – да 50 базавых велічыняў, а гэта больш за 500 даляраў.

Колькі гадоў таму цыгарэты магілёўцы масава набывалі ў бабуляў, якія несьлі кругласуткавае дзяжурства каля буйных крамаў і на рынках. Цяпер бабуляў, якія працуюць дзеля дадатку да пэнсіі, паменела. І яны сталі вельмі асьцярожныя, таму што штрафы вялікія. У такіх выпадках міліцыянты кажуць, што яны таксама людзі, ім шкада пэнсіянэрак, аднак закон ёсьць закон.

Аднак, разам з тым, Андрэй Еўдакімаў гаворыць, што яны змагаюцца не з бабулямі, а з тымі, хто арганізуе для іх нелегальную працу.

(Еўдакімаў: ) “Праводзім рэйды затрыманьня “аптавікоў”. Наша задача – не пільнаваць бабуляў, каб яны з вуліцы не гандлявалі, а наша задача – менавіта прадухіліць увоз вялікіх партыяў”.

Міліцыянты паведамляюць, што сёлета яны канфіскавалі зь незаконнага абароту тытуню амаль 350 тысяч пачак цыгарэтаў. Атрымліваецца, што, умоўна, кожны жыхар абласнога цэнтра, уключна немаўлятаў і старых, мог бы атрымаць пачак кантрабандных цыгарэтаў.
XS
SM
MD
LG