Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве падчас сьледчага экспэрымэнту ад міліцыянтаў зьбег небясьпечны рэцыдывіст


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд беларускага друку

Слуцкі “Інфа-кур’ер” у сьвежым нумары паведамляе толькі добрыя навіны: у Старых Дарогах пачынаецца газыфікацыя. У Салігорску ў наступным годзе будзе ўсталявана 3 тысячы хатніх тэлефонаў (праўда, на чарзе стаіць амаль 8 тысяч салігорцаў). У рэгіёне нарыхтавана столькі гародніны й садавіны, што за зіму мясцовыя жыхары ня здолеюць усё зьесьці.

Салігорская міліцыя ў рэшце рэшт злавіла зламысьніка, які некалькі разоў перапілоўваў мэталічны парапэт-агароджу. Спачатку выстаўлялі паставых – безвынікова, потым давялося ўсталяваць камэру відэаназіраньня, каб падпільнаваць шкодніка. Ім аказаўся мясцовы пэнсіянэр, якому нязручна было пераходзіць дарогу – прыходзілася абыходзіць агароджу.

“Брестский курьер” публікуе вялікае інтэрвію лідэра Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП “Народная грамада” Анатоля Ляўковіча пад назовам “І сьцяг яму ў рукі” – чаму старшыня "Народнай грамады" ня ходзіць на паседжаньні ЦК.

У берасьцейскую вэртыкаль вярнуўся Валер Лапцейкін, цяпер ужо – намесьнікам старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму. Ён прыйшоўся, так бы мовіць, не да двара былога губэрнатара Васіля Даўгалёва і некалькі гадоў быў у цені. А вось пры новай уладзе спадар Лапцейкін зноў запатрабаваны.

“Космомольская правда в Белоруссии” распавядае, як у Барысаве падчас сьледчага экспэрымэнту ад міліцыянтаў зьбег небясьпечны рэцыдывіст Павал Пліска. Яго прывезьлі на кватэру, дзе напярэдадні ён зьдзейсьніў цяжкае злачынства – парэзаў нажом 24-гадовага мужчыну. Калі рэцыдывіста вызвалілі ад кайданкоў, ён падышоў да балконных дзьвярэй і скокнуў з трэцяга паверху. Уцекачу ўдалося зьбегчы. Менская абласная міліцыя працуе зараз ва ўзмоцненым рэжыме. А ў сераду за паімку Паўла Пліскі паабяцаная салідная грашовая ўзнагарода. Супрацоўнік крымінальнага вышуку, які пажадаў застацца неназваным, пра суму не паведаміў, але сказаў, што “шмат – на такую справу мы ніякіх грошай не пашкадуем. Бо гэты Пліска нам такую сьвіньню падклаў...”

А ў пятніцу сябры “Камсамолкі” могуць сустрэцца й сфатаграфавацца на сталічным галоўпаштамце з беларускімі зоркамі – Ядзьвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам, ды з музыкамі “Крамбамбулі”. Сярод тых, хто падпісаўся на газэту, будуць разыграныя дыскі музыкаў і квіткі на канцэрт.
XS
SM
MD
LG