Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і як гандлюе ў Беларусі падробленай гарэлкай?


Міхал Стэльмак, Менск Тэма фальшывых алькагольных напояў адметная ня толькі сакрэтамі іх вырабу, а й збыту. Як рэалізуецца ў Беларусі “левая” гарэлка? Ці лёгка змагацца зь яе распаўсюдам?

Рэалізацыя фальшывых напояў ёсьць важным зьвяном “ценявога” гарэлачнага бізнэсу. Менавіта ў выніку збыту “левай” гарэлкі “падпольныя” дзялкі атрымліваюць вялізныя грошы, што круцяцца ў гэтым бізнэсе. І хаця на гэты конт няма афіцыйнай статыстыкі, дасьведчаныя асобы кажуць пра мільёны даляраў, што абарочваюцца на “чорным” рынку.

Як вядома, афіцыйны кошт бутэлькі гарэлкі – ў сярэднім ад 5 да 6 тысяч рублёў. Паводле міліцэйскіх крыніцаў, паўлітэрку “падпольнага” сьпірту, зь якога вырабляецца фальшывая гарэлка, яе вытворцы набываюць за 1 тысячу, ці то ў 5 разоў таньней. Бутэлькі, коркі і этыкеткі, неабходныя для наданьня напою належнага таварнага выгляду, пры вялікіх партыях таксама набываюцца за бясцэнак. Таму сабекошт “левага” напою маркі, напрыклад, “Белай Русі” ці фальшывага “Вадалею” абыдзецца вытворцу ня больш як у 2 тысячы рублёў.

У выніку, “фальшывагарэлачнікі”, як паведаміў у гутарцы са мной намесьнік начальніка апэратыўна-пошукавага аддзелу Менскай абласной міліцыі Сяргей Грыб, могуць збываць такую гарэлку значна таньней, чымсьці яна каштуе ў крамах, і, як вынік, яны ня маюць вялікіх праблемаў з рэалізацыяй сваёй прадукцыі:

(Грыб: ) “Напрыклад, у кагосьці вясельле ці хаўтуры. І тады паступае прапанова: маўляў, мы можам прадаставіць танную гарэлку. Ну й канал – праз крамы. Калі бутэлька каштуе 6 тысяч, то якая гандлярка адмовіцца ўзяць на рэалізацыю такую гарэлку? Працуючы над гарэлкай, пачынаем выходзіць на пастаўшчыкоў сьпірту. Вось у верасьні мы затрымалі 10 тон сьпірту. У розных людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль яны сьпірт бяруць?”

(Грыб: ) “З Расеі. Вязуць сюды пад выглядам шклаачышчальніка, шклаамывальніка”.

Такім чынам, сыстэма распаўсюду фальшывай гарэлкі мае досыць разгалінаваную структуру. Наколькі пасьпяхова вядзецца зь ёю змаганьне? Апроч міліцыянтаў, у Беларусі з падробнымі алькагольнымі напоямі змагаюцца падатковыя органы, служба фінансавай выведкі, камітэт дзяржаўнага кантролю. Аднак пра плённасьць змаганьня прадстаўнікі згаданых структур, як правіла, казаць асьцерагаюцца. Бо “левая” гарэлка ня пераводзіцца, найперш – у рэгіёнах.

З аднаго боку, грамадзтва, найперш, зьбяднелая яго частка, досыць паблажліва ставіцца да “фальшывагарэлачнікаў”, паколькі яны забясьпечваюць таннымі напоямі. Напрыклад, як сьведчыць практыка, рэдка ў якой вёсцы яе жыхары “здаюць” праваахоўным органам гандляроў сурагатамі. Рэч у тым, што, нягледзячы на шматлікія атручваньні так званым “пойлам”, вялікая частка беларусаў карыстаецца паслугамі такіх гандляроў.

З другога боку, высокі прыбыткі “фальшывагарэлачнага” бізнэсу прыцягваюць у гэтую сфэру прадпрымальных асобаў, каго магчымае пакараньне ня вельмі палохае. Як паведаміў мне той жа Сяргей Грыб, яны прапануюць спажыўцам напоі, якія зьнешне цяжка адрозьніць ад арыгінальных марак.

У праваахоўных органаў былі спадзяваньні на зьмяншэньне распаўсюду сьпіртовых сурагатаў пры дапамозе этыкетак, дакладней – абаронных знакаў на іх. Адзін з вытворцаў такіх этыкетак менская фірма “Паліпрынт”. Але ці можа іх прадукцыя стаць надзейнай заслонай на шляху ценявога гарэлачнага бізнэсу? Зьміцер Барысевіч, начальнік аддзелу маркетынгу, адказаў на гэтае пытаньне наступным чынам:

(Барысевіч: ) “Мы для іх робім такую этыкетку з абаронай. Там на этыкетцы ёсьць такая фольга, нанесеная, якая сьціраецца. Мы пакрываем этыкетку такой фольгай, а пад ёй надпіс. Такая абарона”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна падрабіць вашу этыкетку?”

(Барысевіч: ) “У прынцыпе любую этыкетку можна надрукаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG