Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітолягі неадназначна ацэньваюць учорашнія кампрамісныя дамоўленасьці ва Ўкраіне


Валер Каліноўскі, Менск 8 сьнежня Вярхоўная рада Ўкраіны перафармавала склад ЦВК, ухваліла зьмены ў закон аб выбарах прэзыдэнта і ў Канстытуцыю. Пасьля 17 дзён пратэсту кіраўнікі ўкраінскай апазыцыі заклікалі сваіх прыхільнікаў, якія праводзілі акцыі супраціву ў Кіеве, разыходзіцца па хатах і рыхтаваць перамогу на перагаласаваньні другога туру выбараў 26 сьнежня. Ці значыць гэта, што будуць згорнутыя намётавыя мястэчкі і блякада ўрадавых будынкаў у цэнтры Кіева?

Арганізатары супраціву пакуль пакідаюць заблякаванымі падыходы да Адміністрацыі прэзыдэнта, у будынак Кабміну будуць прапускаць усіх ягоных супрацоўнікаў за выключэньнем Віктара Януковіча, які быў адстаўлены Радай і накіраваны Кучмай у адпачынак. Акрамя таго, відаць, застануцца ажно да 26 сьнежня і намётавыя мястэчкі: у Кіеве такія намётавыя мястэчкі ў папярэднія гады стаялі месяцамі, ёсьць людзі, якія гатовыя пратрымацца ў іх некалькі тыдняў. Захаваецца ў цэласьці да выбараў і сцэна на Майдане незалежнасьці разам з экранамі й дынамікамі. Гэта дае магчымасьць у любы момант аднавіць акцыі пратэсту.

Аднак большасьць удзельнікаў акцыі пратэсту будзе працаваць падчас так званага трэцяга туру выбараў сябрамі выбарчых камісіяў, назіральнікамі ад Віктара Юшчанкі.

А што будзе рабіць штаб канкурэнта Юшчанкі Віктара Януковіча? Многія сябры каманды Януковіча разьбегліся. У яго было два штабы – нефармальны, які ўзначальваў віцэ-прэм’ер Клюеў, і фармальны, які ўзначальваў Цігіпка. Нефармальны штаб расфармаваны, фармальны ўзначаліў Тарас Чарнавіл, які ня лічыцца добрым арганізатарам, а больш тэарэтыкам.

Чарнавіл нечакана ўзяўся мяняць імідж Януковіча як кандыдата не ад улады, а ад апазыцыі, Януковіч ужо крытыкуе Кучму, гаворыць, што ён з новага пакаленьня палітыкаў, а Юшчанка – са старога. Януковіч зьехаў з Кіева агітаваць за сябе ў Данбас. У новым складзе ЦВК фактычна не засталося ягоных стаўленьнікаў, якіх рэкамэндавала парлямэнцкая фракцыя партыі “Рэгіёны Украіны”. Януковіч абцяжараны тым, што мае вялікія фінансавыя абавязацельствы, і вымушаны ўсё ж ісьці на выбары, каб забясьпечыць сабе палітычную будучыню хаця б у якасьці рэгіянальнага палітычнага лідэра, якога падтрымлівае 30-40 адсоткаў выбарцаў.

Хто ўваходзіць у новы склад ЦВК Украіны? Паводле агульнага перакананьня, у ЦВК цяпер асноўная маса прафэсійных юрыстаў, добра падрыхтаваных людзей, з ангажаваных ўладамі застаецца хіба што Міхаіл Ахендоўскі, які адстойваў пазыцыю ранейшага ЦВК ў Вярхоўным судзе. Новы старшыня ЦВК Яраслаў Давыдовіч засьведчыў, што мае незалежную пазыцыю – ён адмовіўся падпісаць сумнавядомы пратакол ЦВК Ківалава ад 24 лістапада.

Учорашнія кампрамісныя дамоўленасьці й пакетнае галасаваньне ў Вярхоўнай Радзе, згодна зь якім абмежаваныя магчымасьці фальсыфікацыяў пад час выбараў, але і паменшаныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Ўкраіны, ацэньваюцца ва Ўкраіне па-рознаму. Украінскія палітолягі гавораць і пра перамогу Юшчанкі, і пра перамогу Кучмы, і пра перамогу Украіны ў выніку гэтага кампрамісу. Але пакуль не апублікаваныя самі дакумэнты, ухваленыя ўчора Вярхоўнай Радай, таму казаць нешта пэўнае складана.

У любым выпадку зьмены складу ЦВК і закону пра выбары прэзыдэнта ўжо ўступаюць у дзеяньне, а рэформа Канстытуцыі Ўкраіны – толькі з 1 верасьня 2005 года. Так што тое, што Юшчанка выйграў гэты раўнд перамоваў – відавочна, а што выйграў Кучма – пакуль ня бачна адназначна, нягледзячы на заявы шэрагу кіеўскіх радыкальных палітолягаў.

Як ацэньваюць украінскія палітолягі ролю і намеры Л. Кучмы ў гэтым процістаяньні? Паводле дырэктара недзяржаўнага Інстытута палітычнага мадэляваньня з Кіева Данілы Янеўскага, Кучма цяпер бярэ курс на зрыў перагаласаваньня ў выпадку, калі Януковіч здыме сваю кандыдатуру пазьней чым за 10 дзён да выбараў. Тады, калі выбары не адбудуцца, то ні Юшчанка, ні Януковіч ня змогуць узяць удзел у наступных выбарах, і станецца аўтаматычны працяг паўнамоцтваў Кучмы.

У цэлым жа спадар Янеўскі лічыць, што ў Кучмы застаўся вельмі малы рэсурс: яму застаецца хіба што зьяжджаць у Маскву ў выпадку перамогі Юшчанкі. Хаця ня трэба сьпяшацца са сьцьвярджэньнямі, што выбары адбудуцца, што ня будзе вялікіх парушэньняў, і што ніхто з бакоў зноў не падасьць скаргу у Вярхоўны суд.

Інстытут палітычнага мадэляваньня правёў 1–3 сьнежня сацыялягічнае апытаньне ў абласных гарадах. Паводле іх, Юшчанка 26 сьнежня перамагае з разрывам у два разы: 60 адсоткаў за яго і 30 – за Януковіча, 10 – супраць абодвух.
XS
SM
MD
LG