Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заява МЗС Расеі з нагоды 5-годзьдзя падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы


Юры Сьвірко, Менск Увечары 8 сьнежня на сайце МЗС Расеі зьявілася паведамленьне з нагоды 5-годзьдзя дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы. У тэксьце, абнародаваным амаль а 21-й гадзіне маскоўскага часу, Беларусь называюць выключна “Белоруссией”, а поўная назва “Союзного государства Беларуси и России” (як гэта афіцыйна гучыць па-расейску) ніводнага разу не падаецца.

Паводле расейскага МЗС, дамова заклала “асновы інтэграцыйнага аб’яднаньня новага тыпу” й вызначыла асноўны вэктар расейска-беларускай інтэграцыі. Масква ў гэтым зьвязку нагадвае пра “пераход на выкарыстаньне агульнай валюты, правядзеньне ўзгодненай замежнай і абароннай палітыкі”.

Зазначаецца, што “вядзецца праца наконт забесьпячэньня ўмоваў для ўвядзеньня зь 1 студзеня 2006 г. рубля Расейскай Фэдэрацыі ў якасьці адзінага законнага плацёжнага сродку на тэрыторыі Беларусі”.

Расейскае МЗС называе Беларусь адным з галоўных гандлёвых партнэраў Расеі ды прагназуе, што сёлета двухбаковы таваразварот складзе 16 мільярдаў даляраў.

Заява расейскага дыпляматычнага ведамства заканчваецца гэтак: “Залогам посьпеху ёсьць адзіная духоўная, культурная, гістарычная спадчына, моўная агульнасьць ды шмат якія іншыя чыньнікі, якія спрыяюць збліжэньню й пацьвярджаюць жыцьцяздольнасьць і актуальнасьць ідэі аб’яднаньня двух братэрскіх народаў”.
XS
SM
MD
LG