Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі крызыс стварыў напружаньне паміж ЗША і Расеяй


Сьвятлана Курс, Прага Маскоўскія экспэрты лічаць, што розныя погляды Масквы і Вашынгтона на крызыс ва Ўкраіне пагражаюць сапсаваць іх партнэрства. Аднак амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш працягвае лічыць Уладзімера Пуціна “сябрам”. Тымчасам, як вынікае з матэрыялу карэспандэнтаў “Свабоды” Эндру Талі і Джэрэмі Бранстэна, цяперашнія праблемы ў двухбаковых дачыненьнях сьведчаць пра яшчэ большыя праблемы ў будучыні.

У апошнія дні расейскія афіцыйныя асобы неаднойчы заяўлялі аб недапушчальным умяшаньні ЗША ў справы іншых краінаў. У Індыі на мінулым тыдні Ўладзімір Пуцін скрытыкаваў Вашынгтон за “дыктатарства у міжнародных дачыненьнях”. А ў аўторак пасьля сустрэчы зь ірацкім прэм’ерам Іядам Аляўі Пуцін скрытыкаваў і асноўную мэту амэрыканскай зьнешняй палітыкі – правядзеньне выбараў у Іраку ў студзені.

(Пуцін:) “Шчыра кажучы, я не зусім разумею, як можна арганізаваць выбары ў краіне, цалкам акупаванай замежнымі войскамі”.

Тымчасам у аўторак міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў на саміце АБСЭ заявіў, што Захад выкарыстоўвае АБСЭ як інструмэнт, каб уплываць на палітыку ў постсавецкіх краінах. Ён ня згадваў Украіны, але намёк быў досыць празрысты. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл сказаў пасьля канфэрэнцыі ў Сафіі, што выбарчы крызыс ва Ўкраіне не павінен разглядацца як вынік барацьбы Расеі й Захаду - праблема ва Ўкраіне ды іншых постсавецкіх дзяржавах хутчэй у тым, каб даць людзям магчымасьць самім выбіраць сабе кіраўнікоў.

Расея лічыць, што ЗША і Захад умешваюцца ў справы Ўкраіны ды іншых постсавецкіх дзяржаваў. А ЗША і Захад лічаць, што ўмешвалася якраз Расея, падтрымліваючы недэмакратычныя выбары ва Ўкраіне. Украінцы паўсталі, і Захад цяпер на баку тых, хто стаіць за дэмакратыю.

Аднак маскоўскія аналітыкі лічаць: Пуціну ўсё бачыцца інакш.

Дзьмітрый Трэнін з Інстытуту Карнэгі ў Маскве кажа:

(Трэнін:) “Пуцін разглядае тое, што адбывалася ва Ўкраіне, як мэтанакіраваную апэрацыю ЗША з мэтаю замены цяперашняга рэжыму на празаходні, праамэрыканскі. Адрыў Украіны ад Расеі і ператварэньне яе ў празаходні зьнешнепалітычны пляцдарм Захаду ля самых расейскіх межаў”.

Трэнін лічыць, што канфлікт ва Ўкраіне можа нанесьці вялікую шкоду дачыненьням паміж ЗША і Расеяй.

(Трэнін:) “Упершыню пасьля распаду СССР зьявілася ўражаньне, што мадэль халоднай вайны можа стаць рэальнасьцю. Я думаю, тое, што адбылося ва Ўкраіне, і тое, што адбываецца ў расейска-амэрыканскіх дачыненьнях у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне – гэта вельмі сур’ёзна. Я думаю, што гэта недастаткова добра разумеюць у Вашынгтоне”.

Віктар Крамянюк зь Інстутуту ЗША і Канады ў Маскве кажа:

(Крамянюк:) “Калі лідэры па абодва бакі не зразумеюць небясьпекі і не пачнуць штосьці рабіць, мы можам сасьлізгнуць да халоднай вайны”.

Тэд Гэйлен Карпэнтэр – аналітык Інстытуту Катона, прыватнага дасьледніцкага цэнтру ў Вашынгтоне, кажа, што Амэрыка зацікаўленая захаваць дачыненьні з Расеяй, бо яе падтрымка патрэбная ЗША ў асноўных пытаньнях – вайне з тэрарызмам, супрацы ў Радзе Бясьпекі ААН і распрацоўцы ядзернай зброі ў Паўночнай Карэі і Іране.

(Карпэнтэр:) “Мы прыклалі шмат намаганьняў, каб ня ўбіць клін паміж Захадам і Расеяй. І хоць мы хочам бачыць перамогу рэфарматарскіх сілаў ва Ўкраіне, аднак не жадаем, каб гэтая перамога адбылася за кошт сур’ёзнага напружаньня у дачыненьнях з Расеяй. Так што адміністрацыя ЗША спрабуе тонка балянсаваць, і пакуль, бадай, пасьпяхова”.

Прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона Джэймс Голдгеер лічыць, што Вашынгтон не павінна турбаваць адчужэньне Расеі, калі гаворка йдзе аб правах чалавека на постсавецкай прасторы:

(Голдгеер:) “Мы павінны ўмець гаварыць пра Украіну, ня маючы на ўвазе Расеі. Гэта не пытаньне халоднае вайны. Гэта не пытаньне “ЗША пераможа, а Расея прайграе”. Гэта пытаньне шанцу для Ўкраіны. А Пуцін хоча гаварыць тэрміналёгіяй халоднай вайны, мовай разьдзяленьня. Нам няма ніякай прычыны пераймаць ягоныя падыходы”.

Гольдгеер кажа, што Расея фактычна ня дзейнічае як партнэр ЗША па асноўных глябальных праблемах. Ён лічыць, што двухбаковыя дачыненьні рана ці позна будуць перагледжаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG