Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандзір менскага АМОНу: “У мяне ёсьць шэраг задачаў, якія я мушу выконваць”


Любоў Лунёва, Менск 13 сьнежня рада ў справах агульных пытаньняў і зьнешніх дачыненьняў Эўразьвязу будзе разглядаць прапановы наконт забароны ўезду на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Сярод іншых згадваецца прозьвішча камандзіра менскага АМОНу Юрыя Падабеда. Зь ім пагутарыла наша карэспандэнтка.

Камандзіра менскага АМОНу Юрыя Падабеда добра ведаюць удзельнікі масавых вулічных мерапрыемстваў. Улады для разгону мірных дэманстрацыяў заўсёды выкарыстоўваюць гэтае адмысловае падразьдзяленьне міліцыі. Юры Падабед паведаміў Радыё Свабода, што вестка аб магчымай забароне ўезду ў краіны Эўразьвязу была для яго нечаканай.

(Падабед: ) “За што? Я што, удзельнічаў у выкраданьні людзей? А калі скардзяцца на жорсткія разгоны дэманстрацыяў, то я спытаю: “А чаму не пакаралі камандзіра спэцпадразьдзяленьня “Кобра”, калі пазалетась у часе “венскага вальсу” антыглябалістаў так разганялі, што ў нас у параўнаньні зь імі папросту дзіцячыя казкі?” Гэта ж усё паказвалі. Ці крыўдна мне? Шчыра кажучы, мне шкада, што цяпер парушацца стасункі зь сілавікамі Польшчы і Літвы. Канечне, да такой славы я не імкнуўся… У мяне ёсьць шэраг задачаў, якія я мушу выконваць. Калі шчыра, для мяне гэта нечаканасьць”.

Наконт зьбіцьця 19 кастрычніка лідэра АГП Анатоля Лябедзькі камандзір АМОНу Юры Падабед распавёў:

(Падабед: ) “Я ўжо неаднойчы казаў — у мяне 120 баявых кіляграмаў, а калі Лябедзька дацягвае да 60, то гэта добра. Уявіце сабе, што я наўзмах, як ён пра гэта напісаў, ударыў яго з усёй нянавісьці пяць разоў па твары. А на ягоным жа твары не было ніводнага сьлядочка… Я думаю, што біфштэкс лепш бы выглядаў за ягоны твар, калі б гэта было сапраўды так. Мяне папросту крыўдзіць такая дробная помста нашых апазыцыянэраў. Я ж, калі Лябедзьку пасадзілі ў машыну, спытаўся ў яго: “Вы будзеце сябе добра паводзіць?” І ён адказаў: “Так”. Я адразу ж загадаў зьняць зь яго кайданкі. Я паважаў яго як чалавека. Не разумею ягонай пазыцыі. Гэта неяк не па-мужчынску”.

Юры Падабед паведаміў Радыё Свабода, што гатовы арганізаваць сустрэчу на тэрыторыі, дзе месьціцца менскі АМОН, з прадстаўнікамі Эўразьвязу і журналістамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG