Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея і Беларусь супраць рэшты краінаў-удзельніц АБСЭ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Такі падзагаловак мае сёньня артыкул ў аўтарытэтным польскім штодзёньніку Rzeczpospolita, прысьвечаны ўчорашняй сэсіі Рады АБСЭ

“Пра сытуацыю ва Ўкраіне ў часе сэсіі казалі ўсе, акрамя міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, які абмінуў гэтае пытаньне. Лаўроў заклікаў да рэфармаваньня АБСЭ, а міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў увогуле выказаў сумненьне ў сэнсе існаваньня гэтай арганізацыі”, - піша Rzeczpospolita.

Польскі штодзёньнік зьвяртае ўвагу на выказваньне кіраўніка амэрыканскай дыпляматыі Коліна Паўэла, які заявіў, што Беларусь - гэта краіна, дзе не шануюцца правы чалавека, прынцыпы дэмакратыі і вяршэнства закону.

Між тым, як піша Rzeczpospolita, кіраўнік польскай дэлегацыі, намесьнік міністра замежных справаў гэтай краіны Адам Ротфэльд заявіў журналістам, што яго ня дзівіць пазыцыя Расеі і Беларусі. “Гэта спосаб мысьленьня родам зь мінулай эпохі”, - адзначыў польскі дыплямат.
XS
SM
MD
LG