Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Барадзін лічыць, што ў наступным годзе адбудзецца саюзны рэфэрэндум


Юры Сьвірко, Менск У сераду споўнілася пяць гадоў з дня падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Але ніхто афіцыйна гэтую гадавіну не сьвяткуе ані ў Маскве, ані ў Менску. У гэты ж дзень зьявіліся паведамленьні пра тое, што з 1 студзеня робяцца больш жорсткімі правілы паездак грамадзянаў з адной краіны ў другую. Аднак Беларуская чыгунка прадае квіткі для беларускіх дзяцей у Расею на 2005 год па-ранейшаму — па пасьведчаньнях аб нараджэньні.

На паседжаньні Дзярждумы Расеі ў сераду дэпутат Уладзімер Рыжкоў заявіў, што працэс інтэграцыі Расеі й Беларусі практычна спыніўся. Прэзыдэнты дзьвюх краін пяцігодзьдзя саюзнай дзяржавы не заўважылі й віншаваньняў з гэтай нагоды не накіроўвалі.

Ані ў Менску, ані ў Маскве 8 сьнежня, якое ёсьць таксама днём нараджэньня СНД, ніякіх урачыстых сходаў не плянуецца. Толькі ў чацьвер, як паведаміў Радыё Свабода дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін, у беларускай амбасадзе ў Маскве адбудзецца прыём. Спадар Барадзін лічыць саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі рэальнасьцю:

(Барадзін: ) “Гэта бюджэт, які ў дванаццаць разоў перавышае бюджэт СНД, які ў сорак разоў перавышае бюдэт ЭўрАзЭС. Прыкладна — наўпрост і ўскосна — недзе 250–300 тысяч чалавек працуюць за кошт бюджэту”.

Павал Барадзін дадаў, што паміж Беларусьсю й Расеяй адсутнічае мяжа й мытня. Аднак сёньня “Комсомольская правда в Белоруссии” піша, што з 1 студзеня 2005 году дзецям для выезду ў Расею спатрэбіцца пашпарт. Паводле газэты, такое рашэньне прыняла Фэдэральная міграцыйная служба Расеі, а да таго ж расейцы “ладзяць праверку выбарачна”. Гэта ж пацьвердзіў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Кантроль павінен быць, каб не засылаць, як кажуць, казачкоў ані зь Беларусі ў Расею, ані з Расеі ў Беларусь. Вы ж пабачце, як нам вельмі цяжка з гэтымі нелегальнымі мігрантамі. Усе грамадзяне, якія будуць ехаць з Расеі празь Беларусь, таксама будуць правярацца. Яно не прымалася афіцыйна, але дамоўленасьці такія былі паміж нашымі сілавымі структурамі”.

Але ў даведачнай службе Беларускай чыгункі сказалі, што ўсё застаецца па-ранейшаму, і пашпарты для дзяцей, якія едуць толькі ў Расею, непатрэбныя:

(Супрацоўніца службы 005: ) “Расея ў нас вялікая — і ў Новарасійску Расея, і ў Калінінградзе Расея. Квіткі паводле пасьведчаньня аб нараджэньні вы ў гэтыя гарады ня купіце. Напрыклад, у Новарасійск цягнік едзе праз Украіну. У Маскву — можна. Я вам канкрэтна адказваю, што можна купіць паводле пасьведчаньня аб нараджэньні”.

Шмат хто зь бізнэсоўцаў наракае й на фактычнае аднаўленьне мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы. Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што Расея аднавіла мытню са свайго боку, і абяцаў зрабіць тое самае на беларускім баку. Вось што кажа з гэтай нагоды дзяржсакратар Павал Барадзін:

(Барадзін: ) “У прынцыпе, мытні мы ня маем. На жаль, у Расеі і ў Беларусі яўна шмат махляроў. Мы дэкляруем увоз саломы з Польшчы ў Маскву — навошта, праўда, ня ведаю, — але, аказваецца, вязем плазмавыя тэлевізары. Салома каштуе 30 тысяч даляраў, а плазмавыя тэлевізары — 3 мільёны даляраў”.

Паводле спадара Барадзіна, такіх прыкладаў можна падаць дзясяткі й сотні, таму Расея вымушаная ўсё ж кантраляваць мяжу зь Беларусьсю.

Павал Барадзін, які некалькі гадоў запар абяцаў найбліжэйшым часам прыняць канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы й правесьці дзеля гэтага рэфэрэндум, у інтэрвію Радыё Свабода сказаў:

(Барадзін: ) “Думаю, што рэфэрэндум пройдзе ў наступным годзе. І думаю, што ў наступным годзе будзе абраны парлямэнт саюзнай дзяржавы. Вось я гэта кажу ўпершыню. Што ў наступным годзе — упершыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG