Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброў “Зубру” зноў будуць судзіць


Любоў Лунёва, Менск Затрыманыя за распаўсюд газэты “Выбар” сябры моладзевага руху “Зубр” Максім Вінярскі й Андрэй Баранаў 8 сьнежня былі дастаўленыя ў суд Фрунзенскага раёну Менску. Іх абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванай уладамі акцыі, што мае адбыцца 10 сьнежня.

Студэнтаў Максіма Вінярскага і Андрэя Баранава затрымалі ўвечары 7 сьнежня ля ўваходу на станцыю мэтро “Пушкінская”. У аддзеле міліцыі спачатку склалі пратакол за распаўсюд выданьня без выходных зьвестак. Але празь дзьве гадзіны міліцыянты атрымалі загад скласьці пратакол за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што ў газэце ёсьць заклікі прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 10 сьнежня, у гадавіну Дэклярацыі правоў чалавека, на знак салідарнасьці з украінскімі апазыцыянэрамі. Паводле новага заканадаўства, гэта ёсьць арганізацыяй акцыі.

Ноч хлопцы правялі ў спэцпрыёмніку, а ў судзе папрасілі адваката. Судзьдзя Зьміцер Корнеў перанёс паседжаньні. Андрэя Баранава будуць судзіць 10 сьнежня, а Максіма Вінярскага — 17. Калі суд пакарае Максіма Вінярскага арыштам, ён будзе сустракаць Новы год у камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка.

(Вінярскі: ) “Магчыма, Новы год давядзецца сустракаць на Акрэсьціна. Але перамога ўсё роўна будзе за намі. Я сёлета ўжо сустракаў там Дзень народзінаў за 21 ліпеня… Сустракалі Дзень народзінаў аднаго з “зуброўцаў” там, калі сядзелі разам. А цяпер вось і Новы год. Хутка ўсе сьвяты будзем там сустракаць!”

Сябры моладзевага руху “Зубр” паведамілі Радыё Свабода, што 10 сьнежня выйдуць на плошчу, нягледзячы на папярэджвальныя затрыманьні.
XS
SM
MD
LG