Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве дзень кампрамісу: ухваленыя папраўкі ў Закон аб выбарах прэзыдэнта і Канстытуцыю Ўкраіны


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня Вярхоўная Рада адначасова прагаласавала за зьмены ў закон аб выбарах прэзыдэнта і ў Канстытуцыі. Леанід Кучма падпісаў іх у сэсійнай залі парлямэнту. “Наша Ўкраіна” і Кучма знайшлі кампраміс. Сярод іншых важных падзеяў ва Ўкраіне — адстаўка генэральнага пракурора, чаго дамагалася апазыцыя.

402 дэпутаты прагаласавалі за праект зьменаў у Канстытуцыі ў першым чытаньні пры неабходных 300. Гэта стала магчымым пасьля дасягненьня кампрамісу паміж “Нашай Украінай”, якая мае 100 месцаў у парлямэнце, зь Леанідам Кучмам, які перад паседжаньнем сустрэўся з кіраўніцтвам “Нашай Украіны” і пагадзіўся на яе патрабаваньне адстаўкі генэральнага пракурора Генадзя Васільева. 78 дэпутатаў блёку Віктара Юшчанкі “Наша Ўкраіна” падтрымалі пакетнае галасаваньне. Прынятыя ў першым чытаньні зьмены Канстытуцыі ператвараюць Украіну ў парлямэнцка-прэзыдэнцкую дзяржаву пры фармаваньні ўраду кааліцыяй фракцыяў Вярхоўнай Рады. Ухваленыя таксама палажэньні пра пашырэньне мясцовага самакіраваньня. Зьмены ў Канстытуцыю ўступаюць у сілу з 1 верасьня 2005 году.

Адначасова былі ўхваленыя папраўкі ў Закон аб выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, якія павінны засьцерагчы ад паўтарэньня масавых фальсыфікацыяў і парушэньняў; спыненыя паўнамоцтвы старога складу ЦВК і абраныя новыя сябры Цэнтарвыбаркаму. Былы старшыня ЦВК Сяргей Ківалаў, які вызначыўся сваёй перадузятасьцю, у новы склад камісіі не ўвайшоў, таксама як і шэраг іншых.

Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўладзімір Літвін, які лічыцца рухавіком перамоўнага працэсу, назваў сёньняшнія рашэньні актам кансалідацыі й прымірэньня. Леанід Краўчук назваў пакетнае галасаваньне ў парлямэнце знакам прымірэньня ў грамадзтве.

Дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма лічыць, што ў выніку гэтага рашэньня “няма прыніжаных, пераможаных і пераможцаў, што перамагла Ўкраіна”.

Арганізацыя “Пара” ўжо заявіла пра перамогу рэвалюцыі й заклікала студэнтаў вяртацца ў аўдыторыі. Апазыцыя таксама зьбіраецца зьняць блякаду адміністрацыйных будынкаў у Кіеве і заклікаць сваіх прыхільнікаў на Майдане Незалежнасьці разьяжджацца па хатах і рыхтавацца да галасаваньня 26 сьнежня.

Незадаволеная кампрамісам Юлія Цімашэнка, якая лічыць патрэбным абскардзіць яго ў Канстытуцыйным судзе. Цімашэнка лічыць, што Юшчанку спатрэбяцца больш шырокія паўнамоцтвы, каб выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні. Няма эўфарыі і ў перадвыбарчым штабе Віктара Януковіча. Кіраўнік гэтага штабу Тарас Чарнавіл заявіў:

(Чарнавіл: ) “Я ня вельмі аптымістычна гляджу на ўсё гэта. Гэта своеасаблівы пэўны палітычны кампраміс, але хоць бы мне хто змог патлумачыць, каго і з кім і дзеля чаго. Разьвязаньня вострай сытуацыі, якая ёсьць ва Ўкраіне, гэта звычайна ня дасьць. Аптымізуе сыстэму ўлады ва Ўкраіне? Гэта таксама дастаткова сумнеўна. Магчыма, гэта крыху здыме вастрыню пытаньня, але наўрад ці, бо тэрмін увядзеньня гэтых зьменаў у Канстытуцыю амаль праз год. Я ня думаю, што гэта будзе той момант, які спыніць масавыя акцыі з аднаго боку альбо жаданьне перагагчы — зь іншага. Я думаю, што гэта той кампраміс, у якім з прычыны пэўных абставінаў зацікаўлены менавіта прэзыдэнт Кучма”.

Паводле Тараса Чарнавіла, Віктар Януковіч пагадзіўся на гэтыя рашэньні. Але адмысловай зацікаўленасьці ў іх ня мае, ня бачыць у іх нейкіх перавагаў для сябе. Новы закон пра выбары кардынальна нічога не мяняе, лічыць кіраўнік перадвыбарчага штабу Віктара Януковіча Тарас Чарнавіл.

Тымчасам арганізатары акцыі пратэсту ў Кіеве выказваюць меркаваньне, што намётавы гарадок апазыцыі на Храшчаціку застанецца да дня выбараў 26 сьнежня.
XS
SM
MD
LG