Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як вы ацэньваеце ролю Расеі ў цяперашніх падзеях ва Ўкраіне?


Галіна Абакунчык, Менск Ва Ўкраіне працягваецца супрацьстаяньне палітычных сілаў, якія выступаюць у падтрымку кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Віктара Януковіча і Віктара Юшчанкі. Як вы ацэньваеце ролю Расеі ў цяперашніх падзеях ва Ўкраіне? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ацэньваеце ролю Расеі ў цяперашніх падзеях ва Ўкраіне?”

(Спадарыня: ) “Як галоўную ролю. Таму што вельмі цесныя сувязі: прамысловасьць і людзі — усё завязана. Канечне, станоўчая павінная быць роля”.

(Спадар: ) “Расея магла бы паспрыяць нармалізацыі абстаноўкі ва Ўкраіне, дзякуючы эканамічным рычагам узьдзеяньня на гэтую краіну. Таму мы спадзяемся, што прэзыдэнт Пуцін прыме ўсе неабходныя меры, каб садзейнічаць урэгуляваньню абстаноўцы ва Ўкраіне”.

(Юнак: ) “Няхай Украіна разьбіраецца са сваімі праблемамі сама, ня трэба туды лезьці, і ўсё будзе добра”.

(Юнак: ) “Уплыў Расеі на падзеі ва Ўкраіне можа быць такім, што яна будзе прасоўваць таго кандыдата, які будзе выгадны ёй. Яны ня хочуць, каб да ўлады прыйшоў той кандыдат, які будзе арыентавацца на Захад”.

(Карэспандэнтка: ) “Якую ролю тут можа мець Расея?”

(Спадар: ) “Ролю міратворцы, як мне падаецца. А што з гэтага атрымаецца й якімі будць вынікі, я не магу гарантаваць нічога”.

(Юначка: ) “Нейкая роля, канечне, ёсьць. Падаецца, што адмоўная. Не магу сказаць, чаму — інтуіцыя падказвае”.

(Юнак: ) “На мой погляд, мода быць толькі роля назіральніка. Яны, канечне, маюць свае інтарэсы ў прасоўваньні свайго кандыдата. Але гэтыя намаганьні безсэнсоўныя, бо такі фактар, як народ, не паддаецца ніякім іншым фактарам. Словам, гэтыя намаганьні ня зьдзейсьняцца”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што ня трэба ўмешвацца. Гэта буйная дзяржава, самастойная. Дастаткова таго, што ў Чачэнію ўлезьлі”.

(Спадар: ) “Роля такая, што ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Ўкраіны не павінна быць, і народ сам мусіць вырашаць свой лёс. А іхныя, скажам так, парады — іх можна прымаць, але глядзець, як яны стасуюцца з тымі ўмовамі, якія ёсьць у краіне. З тымі падзеямі, якія адбываюцца, з эканамічнай сытуацыяй, з мэнталітэтам украінскага нагоду. Словам, парады добрыя, але, як кажуць, трэба мець сваю галаву на месцы”.
XS
SM
MD
LG