Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У складзе чарговай расейскай журналісцкай дэлегацыі ў Менск прыехалі Брэжнеў і Гарбачоў


Ігар Карней, Менск Чацьвертая ад пачатку году група расейскіх журналістаў наведала Беларусь на запрашэньне амбасады Беларусі ў Маскве і цалкам за кошт беларускага боку. Цяпер прадстаўнікоў расейскіх мас-мэдыяў знаёмілі з працай сталічнай гаспадаркі. Да канца году чакаецца яшчэ адзін журналісцкі дэсант з Расеі.

Гэтым разам для журналістаў расейскіх мэдыяў арганізавалі сустрэчу са старшынём Менскага гарвыканкаму Міхаілам Паўлавым. Журналісцкі “дэсант” прадстаўлены “Литературной газетай”, газэтамі “Российская федерация”, агенцыяй “Союз-инфо”, радыёстанцыямі “Маяк”, “Голос России”, а таксама практычна ўсімі выданьнямі ўраду Масквы. Цікавы факт: газэта “Завтра” ў Менск даслала карэспандэнта з прозьвішчам Брэжнеў, а “Голос России” камандзіраваў Гарбачова.

Гасьцей з экскурсіяй павадзілі па Менску, прачытаўшы лекцыю аб гісторыі гораду на пляцоўцы ля Катэдральнага сабору, потым вывезьлі на Менскую кальцавую аўтадарогу. Асобным пунктам значыліся спартовыя аб’екты — крыты футбольны манэж, лыжна-ролерная траса і новы гарналыжны курорт “Лагойск”. Бальшыня расейскіх журналістаў станоўча камэнтуе падобныя візыты. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што выданьням не даводзіцца аплачваць камандзіровачныя выдаткі — усё бярэ на сябе беларускі бок. Аднак некаторыя зазначаюць: зьмены, перадусім, тычацца так званай фасаднай часткі. Вось меркаваньне журналіста “Независимой газеты” Ігара Плугатарова:

(Плугатароў: ) “Гэта падобна на зацягнутую перабудову. Уё гэта досыць павольнымі тэмпамі разьвіваецца, ня так, як камусьці хацелася. Але гэта такі выбар Беларусі”.

Выдавец і рэдактар “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў лічыць, што расейцаў запрашаюць ня дзеля таго, каб яны потым кагосьці крытыкавалі. Таму справаздачы ад такіх паездак і атрымліваюцца вельмі тактоўныя.

(Марцаў: ) “Буйныя расейскія СМІ, зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасьці, ня хочуць і, пэўна, ня могуць свабодна расказваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ці, дзеля справядлівасьці, ня робяць гэта сыстэмна. Пэрыядычна, натуральна, мы можам бачыць дастаткова яскравыя публікацыі пра Беларусь, дакладныя і аб’ектыўныя, але ў цэлым — не”.

Да канца гэтага году ў Менск прыедзе яшчэ адна група расейскіх журналістаў. Можна меркаваць, што сёлета ўжо апошняя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG