Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы не гатовыя да лепшай будучыні”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці паўплываюць бурныя ўкраінскія падзеі апошніх тыдняў на грамадзкія настроі ў Беларусі? Многія нашы слухачы, спрабуючы адказаць на гэтае пытаньне, азіраюцца ў нядаўняе мінулае — у беларускую палітычную восень, якая была ня дужа падобнай на ўкраінскую.

Пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў наш даўні слухач Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну:

“Надзвычай складана, спадар Жданко, асэнсаваць кола падзеяў, што адбыліся за апошнія месяцы. Беларуская ўлада прадэманстравала магутнасьць свайго становішча, не зьвяртаючы ўвагі ні на Канстытуцыю, ні на Выбарчы кодэкс. Яна паказала сваю здольнасьць падаўляць волю асобы, кансэрваваць сытуацыю. Створаны магутны каркас незвычайнай канструкцыі ўлады-вэртыкалі. Нашы палітыкі ад апазыцыі падобныя на народнікаў-рэвалюцыянэраў 19 стагодзьдзя. Іх лёс быў прадвызначаны тым, што іх ідэі для большай часткі насельніцтва былі незразумелыя, чужыя.

Так цяпер і ў нас: татальны ідэалягічны ціск, дзе кропля праўды абрастае вялікай хлусьнёй. І, напэўна, беларус губляе пачуцьцё агульначалавечай арыентацыі. Ён як бы матэрыялізаваўся ў бок страўніка. А беларускасьць, нацыянальная гордасьць — гэта нешта абстрактнае, летуценнае, непатрэбнае. Зьвяртацца ў прыватных размовах да гэтай тэматыкі — толькі час марнаваць. Беларус не гатовы да лепшай будучыні: яму даюць крыху ў кішэню ці кашалёк — ну, і добра”, — такую выснову робіць у сваім лісьце на Свабоду настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.

Так, спадар Волчык, “народнікі” 19 стагодзьдзя зь іхнымі ідэямі народнай асьветы здаваліся ў свой час пражэктэрамі й авантурнікамі, бездапаможнымі перад магутнасьцю рэжыму абсалютнай манархіі. Але настаў 1905 год, і імпэрыя скаланулася ад грамадзкага абурэньня, якому ўлады доўга не давалі выйсьця.

А ў недалёкай гісторыі? Непахісным выглядаў рэжым румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску. На пажыцьцёвае прэзыдэнцтва разьлічваў у Югаславіі аўтарытарны правіцель Слабадан Мілошавіч. Не зьбіраўся разьвітвацца з уладай шматгадовы кіраўнік Грузіі Эдуард Шэварднадзэ. Ды і ў суседняй Украіне, якая ў гэтыя дні перажывае гістарычны паварот, Леанід Кучма цьвёрда разьлічваў на тое, што з дапамогай уладных рычагоў пасадзіць на прэзыдэнцкае крэсла зручнага для сябе Віктара Януковіча.

Ліст ад Міхала Кандыбы з латвійскага Даўгаўпілсу. Слухач піша:

“Калісьці ў Савецкім Саюзе казалі: “Балбатун — знаходка для шпіёна”. Правільна казалі. Вось вашы журналісты разам зь лідэрамі некаторых партыяў загадзя раскрываюць карты, чым аказваюць рэжыму каштоўную паслугу. Бо ў выніку ён своечасова рыхтуе контрамеры і лёгка распраўляецца са сваімі апанэнтамі. Апазыцыя не аналізуе дзеяньняў рэжыму, дзейнічае аднабока і неэфэктыўна, і ў выніку церпіць фіяска. За спробу стаць кандыдатам у прэзыдэнты Міхаіл Марыніч апынуўся ў турме. Значыць, трэба мяняць тактыку палітычнай барацьбы.

Кандыдатуру новага прэзыдэнта трэба шукаць шляхам апытаньня насельніцтва. А імя трымаць у сакрэце да самага апошняга моманту, каб рэжым не пасьпеў сфабрыкаваць супраць яго ніякага кампрамату. Зразумела, што рэжым перад прэзыдэнцкімі выбарамі пастараецца зьнішчыць незалежную прэсу. Ведаючы гэта, выдаўцам трэба часова ўстрымацца ад рэзкіх выпадаў супраць улады, а ў самы кульмінацыйны момант нанесьці магутны ўдар па рэжыме — так, каб ён не пасьпеў апамятацца”.

Рэжым сакрэтнасьці, спадар Кандыба, ня дужа зручная зброя ў публічным змаганьні за сымпатыі выбарцаў. Засакрэціць імя будучага кандыдата так, каб пра яго ня ведала ўлада, вядома, можна. Але ў выніку ці будуць ведаць гэтага кандыдата выбарцы? А ня ведаючы, ці будуць яны гэтаму чалавеку давяраць і ці пагодзяцца галасаваць за яго? Пытаньні збольшага рытарычныя.

Тое ж датычыць і недзяржаўнай прэсы. Выдаўцы многіх незалежных газэт кіраваліся менавіта прапанаваным вамі, спадар Кандыба, прынцыпам — былі максымальна асьцярожнымі, пазьбягалі рэзкай крытыкі ўлады, усяляк згладжвалі вострыя вуглы. І што ж у выніку? Перад рэфэрэндумам выхад гэтых газэтаў улады усё роўна прыпынялі. Зачэпкі дзеля гэтага знаходзіліся разнастайныя. Падставай станавіліся нават недакладнасьці ў выходных зьвестках альбо няправільна названы юрыдычны адрас рэдакцыі.

Ліст ад Віктара Баранава з Рагачова. Слухач піша:

“Апошнія падзеі ва Ўкраіне, паказваюць, што ўладу ніхто ня хоча аддаваць добраахвотна. І толькі актыўнасьць насельніцтва здольная прымусіць уладу лічыцца зь людзьмі. Украінцы паказалі, што яны — ня роўня расейцам і беларусам. У Беларусі як было? Лукашэнка перад выбарамі сказаў, якім павінен быць склад парлямэнту — і дакладна такіх дэпутатаў туды, так бы мовіць, “выбралі”. І ніхто з насельніцтва не абурыўся. Хоць бы тысяч трыццаць выйшлі з пратэстам. Ясна ж, што многія былі супраць. Але ўсе маўчаць”.

У сваім лісьце Віктар Баранаў з Рагачова выказваецца таксама на іншую тэму — пра асаблівае стаўленьне беларускай улады да спорту. Яшчэ адна цытата з допісу слухача:

“Лукашэнка патрабуе ад спартсмэнаў як мага больш мэдалёў. Вось і нядаўна ён правёў адмысловую нараду ў гэтай справе. Нейкае вар’яцтва з гэтымі мэдалямі й зь вялікім спортам. Дзеля чаго ўсё гэта робіцца? Што, спартсмэны — самыя здаровыя людзі і доўгажыхары? Вядома, не. Паглядзіце, як пасьля сыходу зь вялікага спорту многія зь іх цяжка хварэюць і рана паміраюць. Гэта проста глядыятары на пацеху натоўпу і вялікаму начальству”.

Спорту ў Беларусі, спадар Баранаў, на дзяржаўным узроўні прадпісана вырашаць задачы замежнапалітычныя і дыпляматычныя. Галоўная з такіх задач — паказаць сьвету так званыя “дасягненьні” створанай у Беларусі палітычнай і эканамічнай сыстэмы. Раней гэтым шляхам ішлі многія аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы. Накіраваўшы ў спорт вялікіх дасягненьняў значныя бюджэтныя сродкі, у лідэры алімпійскіх дасягненьняў у свой час выбіваліся Савецкі Саюз, ГДР, Вугоршчына, Куба… Але на лёс камуністычнай сыстэмы гэта калі і паўплывала, то, як мы цяпер ведаем, зусім ня тым чынам, на які разьлічвалі камуністычныя ідэолягі.

На заканчэньне — ліст зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну ад нашага слухача Пятра Касьнерыка. Ён піша:

“Ужо дзесяць год вы абмяркоўваеце ў эфіры аднаго Лукашэнку. На самай справе — ну колькі можна абнюхваць, абсмоктваць, аблізваць кожнае сказанае і нават не сказанае Лукашэнкам слова? У той жа час я згадваю, як 9 студзеня 2004 году “Пяцёрка+” прэзэнтавала сваю праграму “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”, а Свабода не прысьвяціла гэтай лёсавызначальнай праграме ніводнай экспэртызы, ня кажучы ўжо аб “Праскім акцэнце”. Праўда, Юры Дракахруст аднаго разу казаў пра апошні пяты крок, і прызнаў яго, мякка кажучы, няслушным — а дакладней, ніякім ня крокам, а цытатай з выступу Аляксандра Лукашэнкі. Ці ёсьць у мяне надзея пачуць “Экспэртызу Свабоды”, прысьвечаную “пяці крокам да лепшага жыцьця?”

У свой час, спадар Касьнерык, мы адводзілі ў сваім эфіры шмат месца гэтай тэме, якая вас так цікавіць. Было гэта тады, калі праблема была актуальнай — а менавіта, калі праграма распрацоўвалася і прымалася, калі дэмакратычныя партыі шмат увагі надавалі абмеркаваньню і распаўсюду гэтай праграмы. Гучалі ў нашым эфіры, сярод іншага, і аналітычныя перадачы, прысьвечаныя стратэгіі апазыцыі, у тым ліку і распрацаваным ёй праграмам. Але вяртацца да гэтай тэмы цяпер, пасьля выбараў і рэфэрэндуму, калі і сама апазыцыя не выяўляе асаблівай цікавасьці да яе — наўрад ці ёсьць сэнс.

Што да вашых прэтэнзіяў наконт увагі да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі створаная такая сістэма ўлады, пры якой усе найбольш важныя дзяржаўныя рашэньні залежаць выключна ад адной асобы. Ні Палата прадстаўнікоў, ні ўрад, ні суд у Беларусі не выконваюць самастойнай ролі, усе яны залежныя ад волі прэзыдэнта. Адпаведна, галоўным чынам толькі ад адной асобы залежыць унутраная і зьнешняя палітыка беларускай дзяржавы. Да гэтага можна па-рознаму ставіцца. Але ігнараваць гэты факт ніяк не выпадае.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску, Юры Навіцкі і Мікалай Волін зь Менску, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Раман Зіноўеў зь Лёзна, Віталь Гусеў з Магілёва і Мікола Канаховіч з Пружанаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG