Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расеі непатрэбная дэмакратычная й незалежная Ўкраіна. Ім патрэбныя рускамоўныя славянскія пляцдармы для вырашэньня сваіх пытаньняў”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 7 і 8 сьнежня 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Перш за ўсё хачу сказаць, што горш вас стала чуваць. З 18 да 20 зусім немагчыма нешта пачуць, а 20 пачынаецца добра і да 21, і потым зноў нічога не чуваць. А наконт Украіны – малайцы Ўкраіна! Кучма сказаў, што Ўкраіна – не Расея. А тут можна сказаць, што Беларусь – не Ўкраіна, на жаль”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць меркаваньне наконт узьдзеяньня на Ўкраіну ЗША і Эўразьвязу, а таксама Расеі. ЗША зьяўляецца супэрдзяржавай, такой жа, якой у свой час зьяўляўся СССР. І СССР таксама лез у тыя краіны, да якіх у яго была свая цікавасьць. ЗША таксама зьяўляецца супэрдзяржавай, і таму яна будзе навязваць свае меркаваньні іншым народам”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Праслухоўваў сёньня ранішні выпуск і даведаўся, што маладога юнака-зубра арыштавалі за тое, што ён расьцяжку нацягнуў “Сёньня – Ўкраіна, заўтра – мы!” Вось я зьвяртаюся да гэтых юных хлапцоў. Я ганаруся вамі, але мне шкада вас. Калісьці, напрыканцы 1980-х – на пачатку 1990-х і так далей, я таксама быў такім жа, як вы. І я быў упэўнены, што хутка і мы, калі рухнуў гэты саюз, дарэчы, сьвяткаваць гэтае сьвята мы хутка будзем, я думаў, што будзе так. Калі быў путч у Маскве, я амаль што заклікаў людзей да супраціву ў Наваполацку. Але справа ў тым, што з часам я пабачыў, што ўсё гэта рушыцца на маіх вачах. Апазыцыя, якая мела амаль што стоадсоткавую падтрымку, настолькі здолела ўсё гэта зруйнаваць, што на сёньняшні момант яны проста як у Янкі Купалы, – “рэнэгаты й дэгенэраты”. І ні на што яны ня здольныя. І таму, хлопцы маладыя, калі вы можаце гэтую сытуацыю высунуць неяк наперад, то дай вам Бог! А з тымі, хто стаіць за вашай сьпіной сёньня, Лябедзька і ўсе астатнія, з гэтага БНФ, той самы Пазьняк – гэта ўсё бессэнсоўна. Дзякуй”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадыні і гаспадары, Радыё Свабода! На пытаньне тыдня: якая роля Расеі ва ўкраінскіх падзеях. Гэта трагедыя для кожнай краіны. Куды суне свой брудны нос Расея, там абавязкова праходзяць крывавыя падзеі – напрыклад, Чачэнія, Грузія і г.д. Каб расейскія бальшавікі ня сунулі свой нос ва Ўкраіну, то Віктар Юшчанка быў бы даўно законным прэзыдэнтам Украіны, а не злачынец-прафэсіянал Віктар Януковіч, якога ўжо двойчы судзілі. Дарагія браты і сёстры Ўкраіны! Ня дайце бальшавікам скрасьці законную перамогу народа Ўкраіны, які падтрымлівае Віктара Юшчанку! Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар:) “Добры дзень, любімае Радыё Свабода! Я стаўлюся да ўмяшаньня Расеі ў справы Ўкраіны адмоўна, бо Расея перашкаджае там, дзе народы вядуць барацьбу за прагрэс, за дэмакратыю, за рэформы і перабудову. Сьведчаньняў таму шмат. Падтрымкай Расеі карыстаюцца рэакцыйныя рэжымы, якія нясуць людзям прыгнечанасьць, прыніжаны стан грамадзтва, нястачу. Як гэта ўжо адбываецца 10 год на Беларусі”.

(Іван Карпавіч: ) “Хачу выказацца наконт выбараў у прэзыдэнты ва Ўкраіне. Расея лезе ва ўсе шчыліны, каб не дапусьціць таго чалавека, які ёй не падабаецца. Гэта ж на ўсёй постсавецкай прасторы стаўленікі Расеі, КГБ і камуністы – чырвоная чума гэта. Яе ж трэба ўвогуле судзіць нюрнбэрскім працэсам як карычневую чуму! Гэта па-першае. Па-другое. Усё роўна на Ўкраіне народ патрабуе, а ня Юшчанка ці яшчэ нехта. Януковіча трэба судзіць, і выбаркам Украіны трэба судзіць перад тым, як рабіць перавыбары, таму што была падтасоўка не аднаго бюлетэня, а мільёны бюлетэняў падтасавалі. І на ўсёй постсавецкай прасторы гэта робяць сыстэматычна і пастаянна. Гэта называецца крымінальная справа – падробка дакумэнтаў, прычым выбарчых. А так, атрымліваецца, усюды на працягу існаваньня Савецкага Саюзу, 87 гадоў, падман народу быў, ёсьць і будзе. Нічога мы ня зробім! Народ не выбірае, а выбіраюць чыноўнікі, кіраўнік дзяржавы і выбаркам, які падпарадкоўваецца яму. Больш ніхто не выбірае. А мы ходзім проста, як кажуць, аддаем пашану”.

(Спадар: ) “Камуністычная расейская прапаганда, асьвятляючы падзеі ва Ўкраіне, старанна пазьбягае ўзгадваць нагоду, прычыну народных хваляваньняў, прычыну крызысу. Гэтае ашуканства на выбарах, іх фальшывасьць з боку дзейных уладаў Украіны. За фальсыфікацыю вынікаў выбараў на карысьць Кучмы і Януковіча трэба несьці адказнасьць перад судом. А Пуцін іх ужо павіншаваў. Расейскія прадстаўнікі пазьбягаюць самога слова “фальсыфікацыя”, быццам яе не было. Гэта расейскае патураньне махлярам ад палітыкі. Крыніцай улады зьяўляецца народ, а не падман гэтага народу. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Прывет, пяхота! Я гатовы за 10 мільёнаў адправіць Лукашэнку ў адстаўку толькі за тое, што ён наша войска хоча перавесьці на ангельскую мову, а не на беларускую. Карацей, за паўгады да 2006 году вы даяце гэтыя грошы, і пад вашым кантролем я яго адпраўляю ў адстаўку, то бок, ён не набярэ патрэбныя яму галасы. Я разумею, што вы пад кантролем знаходзіцеся, што вас падслухоўваюць, Лукашэнка ведае тое, пра што мы кажам. Мне ён непатрэбны, асабіста мне, сёньня непатрэбны. Таму: грошы раніцай, а крэслы будуць увечары”.

(Спадарыня:) “Добры вечар, паважанае Радыё Свабода! Хачу выказацца наконт вашага апошняга пытаньня тыдня, наконт падзеяў ва Ўкраіне. Я лічу, што Расея паводзіла сябе й бесцырымонна, і груба ў гэтым пытаньні. Таму што Расеі непатрэбная свабодная, дэмакратычная і незалежная Ўкраіна, таксама як ёй непатрэбная і свабодная, дэмакратычная, незалежная Беларусь. Ім патрэбныя такія, ведаеце, рускамоўныя славянскія пляцдармы для вырашэньня сваіх пытаньняў, пытаньняў выжываньня рускіх у будучыні і захаваньня сваёй рускай імпэрыі. А вось наш сёньняшні беларускі кіраўнік выконвае гэтую задачу Расеі лепш за Расею – ціхім гвалтам, захоўваючы Беларусь для рускіх, каб ім тут было як дома. Таму на Майдане Незалежнасьці сёньня няма расейскіх сьцягоў, добра, што там ёсьць сьцягі нашай свабоднай Беларусі. Вельмі радая за Ўкраіну. І дай ім Бог дапамогі ад усяго дэмакратычнага сьвету! Дзякуй”.

(Спадар: ) “Можа, крыху не па тэме, але хачу выказаць меркаваньне, чаму Пуцін прадвінуў закон аб выбарах губэрнатара ў Расеі. Яму ня так патрэбныя выбары губэрнатараў, як яму патрэбна тое, каб губэрнатары ведалі, што ён у любы момант можа іх зьняць, каб яны ня рухаліся ні ўлева, ні ўправа. Увогуле, у гэтым становішчы Пуцін бярэ прыклад са свайго малодшага брата. Нават неяк няёмка за кіраўніка такой сур’ёзнай дзяржавы.

Яшчэ хацелася б выказацца наконт нашай “крэпкай” валюты, пра што неаднаразова кажуць і прэзыдэнт, і старшыня Нацбанку. Пытаньне хочацца задаць гэтым спадарам. У адносінах да чаго крэпне наш рубель: да даляра, кошт якога падае ва ўсім сьвеце ці ў адносінах да нашых прадуктаў, кошты на якія пастаянна растуць? А падвышэньне заробкаў нам абяцаюць у тых жа далярах, гэта значыць, што нас чакае не падвышэньне заробкаў, а зьніжэньне. Няўжо спадары, якія кажуць пра гэта, лічаць, што ў нашай краіне іх абкружаюць суцэльныя ідыёты? Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG