Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея дзейнічае як слон у пасуднай краме, калі абвінавачвае Захад ва ўмяшаньні. А што наконт шматразовых наведваньняў Пуціна перад выбарамі?”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 6 сьнежня 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добры вечар, паважанае Радыё Свабода! Хачу выказацца наконт падзеяў ва Ўкраіне й будучага Беларусі. Вельмі радуюся за Ўкраіну і ўкраінскі народ. Дзякуй Госпаду Богу, што Ён не пакінуў украінскі народ сам-насам са сваім горам, а паслаў сьвятога духа на Ўкраіну і яе народ. З Божай дапамогай брацкі народ здабудзе свабоду й поўную палітычную незалежнасьць ад імпэрска-шавіністычнай Расеі. Украінцы аб’ядналіся вакол сапраўднага лідэра, які не забаяўся ўзяць на сябе адказнасьць і павесьці свой народ да перамогі дзеля пабудовы заможнай нацыянальнай дзяржавы. Апошнім часам мы бачым, што яны зрабілі правільны выбар. Спадар Юшчанка ідзе сьмела і ўпарта разам са сваім народам да вольнай Украіны. Я ганаруся Ўкраінай і ўкраінцамі. Яны паказваюць прыклад і нам беларусам, як трэба здабываць свабоду і незалежнасьць для сябе і сваіх дзяцей і любай Бацькаўшчыны.

Што тычыцца Беларусі й ці магчымы падобныя падзеі і ў нас, скажу так. Магчымы, але пры воднай простай умове: пачынаць працаваць на 2006 год трэба ўжо сёньня, не адкладаючы справы. Шкада, што сёньня ў нашай краіне, а не за мяжой, няма праўдзівага, прынцыповага, сьмелага і веруючага ў Бога нацыянальнага лідэра, які мог у гэты цяжкі час узяць на сябе адказнасьць за будучае краіны і павесьці за сабой народ. Такім лідэрам я бачу спадара Зянона. І ведаю, што многія беларусы ўспрымаюць яго за адзінага прынцыповага лідэра нацыі, які ня здрадзіў свайму прынцыпу і беларускаму народу. Хацелася б, каб гэтыя надзеі спраўдзіліся. І калі ён шчыра хоча і жадае здабыць волю, нацыянальную беларускую дзяржаву для свайго народу, то мусіць неадкладна вярнуцца на радзіму…”

(Зіноўеў: ) “Добрай раніцы, паважаная Свабода! У сувязі з тым, што Андрэй Савіных, сьпікер беларускага МЗС, амаль што штодзённа адказвае на пытаньні, якія мяне не цікавяць, а не адказвае на тыя пытаньня, што цікавяць мяне, я хацеў бы папрасіць, каб далі нумар ягонага факсу ў эфір, каб была магчымасьць хаця б пісьмова даслаць яму тыя пытаньні, што мяне цікавяць. Хачу сказаць, што ўся лукашэнкаўская прапаганда трымаецца вось на такіх Андрэях Савіных, суфлёрскіх будках беларускага МЗС і тэлебачаньня.

Што б я спытаў у Савіных наконт Расеі? Вось 18 верасьня затрымалі нейкага Аляксандра Пуманэ ў Маскве, якога пуцінская прапаганда абвінаваціла ў тым, што ён рыхтаваў нейкі тэракт. А потым высьветлілася, што ён быццам бы сам гэбэшнік, які рыхтаваў правакацыю імем Патрушава. Што мяне зьдзівіла ў паведамленьнях расейскай прэсы – што гэты Аляксандар Пуманэ часта наведваў Беларусь. І я хацеў бы запытаць Андрэя Савіных: няўжо такога роду паездкі не фіксуюцца кампутарным цэнтрам беларускай чыгункі? Дык хто ж тады наведваў пад відам Пуманэ Беларусь: ці то памагаты тэрарыстаў з Масквы і Піцера, ці то гэбэшнік, які рыхтаваў нейкія каварныя замыслы, правакацыі супраць свайго ж народу? Вось пра гэта я хацеў бы запытаць Андрэя Савіных. На жаль, служба даведак беларускага МЗС яго тэлефон мне не дае. Вельмі шкада – мо, Свабода дапаможа?

Хацеў бы яшчэ некалькі словаў сказаць наконт сытуацыі ва Ўкраіне. Я ўсё ж такі ганаруся, што Віктар Андрэеевіч Юшчанка падняў украінскі народ з кален, таму што гэта ўжо яўна. І тая годнасьць, што людзі не далі скрасьці ў сябе свае ж галасы, застанецца ў гістарычных кнігах, падручніках Украіны.

Хацеў бы выказацца наконт выступу Лужкова і ўзгадаць адзін эпізод з расейска-украінскіх адносінаў. Гэта было пры Ельцыне ў адным з аддзяленьняў Масквы. Быў суботнік, і нейкі амонавец кажа, што прывязе людзей для ўборкі. Прывёз нейкіх гандляроў і кажа, што калі хуценька прыбяруцца, то іх паадпускаюць. А адна жанчына з Украіны кажа, што яна прыбірацца ня будзе. А начальнік ёй кажа, што тады прасядзіць яна тут да вечара. Яна: “Ну і добра!”

І вось я думаю, што гэтая жанчына і мільёны ўкраінскіх грамадзян усё ж такі не паддадуцца на хітрасьці лубянскага пацукалова, такога як Пуцін, які абяцае ім адмену рэгістрацыі на працягу 90 дзён ці яшчэ нешта. І я думаю, што яны памятаюць усе гэтыя сьвінскія нюансы, якія менавіта пуцінска-лужкоўская ўлада ў адносінах да іх у Расеі і праяўляла. І, лічу, што такая ўсенародная падтрымка Віктара Юшчанкі – гэта прыкмета грамадзянскай сьпеласьці. Дзякуй”.

(Віктар Бутто: ) “На пастанаўленьне, якое вынесьлі судзьдзі Вярхоўнага суду Ўкраіны. Судзьдзі выканалі часткова свае абавязкі перад усімі грамадзянамі Ўкраіны, каб пачаць аднаўленьне прававой, багатай і паважанай дзяржавы. Не дапусьцілі фальсыфікацыі, то бок крымінальнага злачынства, якое ажыцьцяўляецца вэртыкальшчыкамі з выканаўчай улады, якія знаходзяцца над законамі былых савецкіх дзяржаваў. Ня так проста было судзьдзям гэта зрабіць у сваёй карумпаванай дзяржаве, дзе яны самі і кожны іншы грамадзянін Украіны пакупаецца альбо прадаецца прадстаўнікамі выканаўчай улады адкрыта й нахабна, выкарыстоўваючы пры гэтым крамлёўскіх ці маскоўскіх палітыкаў зь ядравымі запалохваньнямі, шантажамі, ад чаго неабароненыя ўсе суседнія дзяржавы”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Наконт дзеяньняў Расеі хацелася б выказацца. Дзейнічае яна як слон у пасуднай краме, абвінавачваючы Захад ва ўмяшаньні. А што яны скажуць наконт шматразовых наведваньняў Пуціна перад выбарамі, паказ перад выбарамі па расейскім тэлебачаньні толькі Януковіча? Гэта не ўмяшаньне? А візыт Лужкова? Гэты ж увогуле родную маці прадасьць! Лепш бы заняўся сваёй жонкай-алігархам.

Напэўна, многія забыліся, але ў сярэдзіне 1990-х да нас таксама прыяжджаў расейскі дэсант на чале з Чарнамырдзіным. У выніку ў цэнтры Эўропы мы маем амаль што фашысцкую дыктатуру пад назвай “хрустальный сосуд Беларуси”. Вельмі спадзяюся, што народ Украіны абярэ дэмакратычны эўрапейскі шлях. Дзякуй вам вялікі! Вы адзінае заходняе радыё, якое паведамляе нам праўду. Дзякуй!”

(Спадар: ) “Шаноўная Свабода! Віншую вас зь гістарычнай перамогай народу Ўкраіны за самастойнасьць жыць ва эўрапейскай супольнасьці, дэмакратыі! Жадаю, каб і наш беларускі народ, пачынаючы з заходніх абласьцей, дайшоў да такой гістарычнай перамогі! Вельмі рады! Гэтая перамога ўкраінскіх братоў-славянаў усяліла надзею, што я і ў Беларусі яшчэ дачакаюся перамогі беларускага народу над гэтым рэжымам!”

(Спадарыня: ) “Адносіны Расеі да падзеяў ва Ўкраіны не зьдзіўляюць. Гэта дзьве суседнія краіны, і яны павінны цікавіцца тым, што адбываецца адна ў другой. Мяне абурае імкненьне ЗША, якія знаходзяцца за 1000 кілямэтраў, і якія вельмі актыўна ўмешваюцца ў палітычныя падзеі ва Ўкраіне. Гэта вельмі бачна з таго, што апазыцыя забясьпечаная вялікай колькасьцю аранжавай тканінай, палаткамі, харчаваньнем і іншым. ЗША ўвогуле навязвае сваю палітыку ўсім краінам. Гэта кажа пра тое, што Джордж Буш імкнецца да сусьветнага панаваньня. Яму б узгадаць сусьветную гісторыю, зь якой вядома, што ніякія інтэрвэнты ня здолелі доўга трымацца пры ўладзе ў іншай краіне, але ж памяць аб сябе пакінулі жудасную. Народ памятае Чынгіз-Хана, хана Батыя, Напалеона, Гітлера, Сталіна – гэтых бязьлітасных і вераломных забойцаў-катаў. Не выключэньне, што з часам да іх далучаць Джорджа Буша, як сусьветнага жандара і фашыста.

Падобна, што да ўлады зараз прыйдзе Юшчанка. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Ужо цяпер за некалькі дзён ён нанёс дзяржаве велізарную шкоду, падарваў эканоміку, пазбавіў казну Ўкраіны мільярдаў грошаў. Не выключана, што пры ім разрабуюць Украіну, як і Расею. Трэба ж будзе расплачвацца за аказаную дапамогу і падтрымку. Усяго добрага”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Толькі што спадар Шупа паведаміў, як лепей прымаць Радыё Свабода. Усё ён сказаў правільна, але ад гэтага паляпшэньня, канечне, ня будзе. Ён сказаў зьвярнуцца да тэхнічнай службы Свабоды. А што яны, надвор’е зьменяць ці перашкоды паменшаць там, дзе я іх прымаю? І колькі слухачоў адмовяцца ад Свабоды з-за гэтых перашкодаў! Часам немагчыма доўга слухаць, бо гэтыя перашкоды псуюць нават нэрвы.

Я ўжо даўно пісаў, але нешта ніхто мне не адказаў. Трэба пераводзіць вяшчаньне на УКВ! У Гродна патрэбна перадатчык ня больш за 1 квт з Польшчы накіраваць, і Гродна будзе забясьпечанае, тое самае і ў Берасьці. Зь Вільні на Менск, хай 5 квт – і будзе Менск забясьпечаны! Там, праўда, і сярэднія хвалі добра ідуць, але ўсё роўна з перашкодамі ўвесь час. З Украіны можна накіраваць на Гомель, з Расеі – на Магілёў і Віцебск. І такім чынам будзе таньней, больш стабільна й высокаякасна. І ў пэрспэктыве адзін з гэтых перадатчыкаў, напрыклад, зь Вільні, мог бы даць вяшчаньне тэлевізійнае, калі, канечне, прадугледзець ДМВ. Чаму гэтага ня робіце, не зразумею?”

(Мікалай: ) “Сёньня ў нядзелю гудзеньне зноў перашкаджае слухаць вашыя перадачы. Я ня веру, што перашкоды выкліканыя атмасфэрнымі й іншымі прычынамі. Гэта хутчэй за ўсё вытанчанае глушэньне па ўказаньні беларускіх уладаў, якія парушаюць правы чалавека на атрыманьне праўдзівай інфармацыі. І гэтае пытаньне трэба ўздымаць у міжнародных арганізацыях, дзе стаіць подпіс уладаў дыктатара”.

(Спадар: ) “Паважаныя слухачы! Да чаго мы дажыліся ў СНД! Заказныя паштоўкі на радыё зьнікаюць! Няма свабоды слова! Я на баку ўкраінскага народу, які патрабуе свабоды слову і дэмакратыі! З павагай.”

(

(Спадар: ) “Учора ў нашай рэспубліцы адбылася найвялікшая гістарычная падзея. Чыпаліна, як яго Задорнаў называе, уручаў ўчора пасьведчаньне асобы былому пракурору, новаму прызначанаму пракурору і яшчэ камусьці, здаецца, чатыром чалавекам. Дык вы ўяўляеце, якая гэта значная падзея! Падпасак піша новую гісторыю сусьветную, найноўшую гісторыю, як ён кажа. Ну і клоўны нашыя не разумеюць гэтага і ўсё гэта па тэлебачаньню трансьлююць. Ня трэба цяпер ні“Аншляг” глядзець, ні “Кривое зеркало”, людзі на Чыпаліна гэтага глядзяць і паміраюць ад рогату. Гэта па-першае. Па-другое, пракукарэкаў ён там нешта, а цяпер кошты зноў папаўзьлі, пры чым так папаўзьлі, што рабее ўваччу. А беларусы ўсё лічаць, што гэта нехта іншы вінаваты. Возьмем, напрыклад, пэнсіянэраў: 9 адсоткаў дадалі, а кошты на 40-50 адсоткаў апярэдзілі гэты дадатак”.

(Спадар: ) “На вашае пытаньне такое меркаваньне. Масква зацікаўленая вельмі актыўна ўмешвацца ў падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне. Бо яшчэ ня скончыўся падлік галасоў, а прэзыдэнт Расеі сказаў, што перамога ў таго, які накіроўваецца з усходу. Шмат народу едзе з Думы на Ўкраіну, і, я думаю, яны вельмі зацікаўленыя, каб усё вярнуць на свае кругі. Там сапраўдная барацьба бюракратыі расейскай і ўкраінскай. А людзі ад гэтага нічога не атрымаюць. Выбачайце. Усяго добрага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG