Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы ў саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі?


Галіна Абакунчык, Менск 8 сьнежня спаўняецца пяць гадоў з часу падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Сымбалічна, што дакумэнт быў прыняты ў дзень белавескіх пагадненьняў аб скасаваньні “Саюзу ССР” і стварэньні СНД. Супольнасьць постсавецкіх краінаў некаторыя адмыслоўцы называюць структурай для збору кіраўнікоў дзяржаваў. Што ўяўляе сабой беларуска-расейскае будаўніцтва па стварэньні так званай саюзнай дзяржавы? Як вядома, інтэнсіўнасьць, гэтай працы вагалася ў залежнасьці ад палітычных і асабістых стасункаў кіраўнікоў Расеі й Беларусі. На якой стадыі гэтая праца цяпер?

Аб практычнай рэалізацыі гэтага пагадненьня можна меркаваць, да прыкладу, паводле такіх фактаў. Чарговае паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы перанесенае са сьнежня на студзень, а папярэдняе адбылося яшчэ ў кастрычніку мінулага году. Плянуецца, што ізноў будзе абмяркоўвацца пытаньне адзінай валюты, аднолькавых правоў грамадзянаў абедзьвюх краінаў, а таксама Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы. Паводле колішняга сьпікеру Палаты прадстаўнікоў і сябра міждзяржаўнага парлямэнцкага сходу Вадзіма Папова, большасьць гэтых і іншых супольных праграмаў ня выкананыя, але посьпехі ў гэтым кірунку ёсьць. Гаворыць Вадзім Папоў:

(Папоў: ) “Нам Гаспрам пастаўляў газ разам зь іншымі кампаніямі, а з наступнага году ўсе аб’ёмы бярэ на сябе. Выйсьці на адзіны паліўна-энэргетычны балянс саюзнай дзяржавы – гэта, ведаеце, многага варта”.

Калега Вадзіма Папова ў беларуска-расейскім парлямэнцкім сходзе Аляксандр Архіпаў у інтэрвію Свабодзе выказаўся менш аптымістычна:

(Архіпаў: ) “На першы погляд нібыта існуе прававая база, але, на жаль, часьцей за ўсё яна парушаецца расейскім бокам. Вельмі шмат “але”. І пакуль балянсу ня будзе, мы ня зможам выйсьці на рэфэрэндум, каб зрабіць унёскі ў канстытуцыю й Беларусі й Расеі”.

Паводле міжурадавых пагадненьняў, дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі прадугледжвае адзіную саюзную валюту, роўныя эканамічныя ўмовы для суб’ектаў гаспадараньня, аднолькавыя правы для грамадзянаў абедзьвюх краінаў і многія іншыя ўмовы. Наколькі гэтыя дэклярацыі адпавядаюць рэчаіснасьці жыцьця?

Як мы ўжо чулі з вуснаў афіцыйных прадстаўнікоў уладаў Беларусі, будаўніцтва саюзнай дзяржавы паволі, але рухаецца наперад. Распрацоўшчыкі прававых актаў нават плянуюць рэфэрэндум аб адпаведных унёсках у канстытуцыі абедзьвюх дзяржаваў. Як расцэньваюць пэрспэктывы гэтага ўтварэньня незалежныя палітыкі й наколькі рэальнай яны лічаць пагрозу сувэрэнітэту Беларусі?

Пэрспэктыву так званага саюзу яны бачаць яшчэ менш аптымістычна, чым прадстаўнікі афіцыйных уладаў. Але пагрозы дзяржаўнаму сувэрэнітэту Беларусі цалкам не адмаўляюць таксама. І гэткае становішча будзе існаваць да таго часу, пакуль у Беларусі будзе заставацца пры ўладзе цяперашняе кіраўніцтва краіны. Вось што сказаў у інтэрвію нашаму радыё колішні намесьнік міністра замежных справаў, незалежны палітык Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Падмурак, які ствараўся дзеля гэтай гульні – ён настолькі слабы, што відавочна тое, што ён ня вытрываў. А менавіта, тое, што прапаноўвалася – паляпшэньне дабрабыту народаў Беларусі й Расеі – гэтага не адбылося. Гэта была асноўная прапагандысцкая мэта гэтых дамоўленасьцяў, якія выкарыстоўваліся дзеля амбіцыяў Лукашэнкі й падмацаваньня імпэрскіх памкненьняў Масквы. Але ж я лічу, што ўсё гэта станоўча паўплывала на хаду падзеяў на постсавецкай прасторы. Многія незалежніцкія рухі іншых дзяржаваў зразумелі сапраўдныя пляны Расеі й пачалі мацнейшае змаганьне за свабоду й дэмакратыю, за незалежнасьць сваіх дзяржаваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG