Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады зьбіраюцца ўвесьці рэгістрацыю інтэрнэт-выданьняў


Юлія Шарова, Менск Інтэрнэт-выданьні варта аднесьці да катэгорыі сродкаў масавай інфармацыі. Адпаведныя зьмены ў беларускі закон “Пра СМІ” будуць разглядаць найбліжэйшым часам дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Праектам новай рэдакцыі закону прадугледжаны парадак рэгістрацыі інтэрнэт-выданьняў. Таксама ў ім прапісаныя агульныя нормы, якія вызначаюць статус сеткавых СМІ.

Зь якой мэтай новы закон “Пра СМІ” прымаецца і што ад яго чакаюць самі распрацоўнікі? Кіраўнік парлямэнцкай камісіі па правох чалавека, нацыянальных стасунках ды СМІ Юры Кулакоўскі нармальна ставіцца да таго, каб у новым законе “Пра СМІ” інтэрнэт стаў адным зь першых інфармацыйных сродкаў. Спадар Кулакоўскі таксама заяўляе, што тут гаворка ня ідзе пра татальны кантроль над інтэрнэтам, “але ўсё павінна быць пастаўлена ў рамкі”, і ў краіне не павінна быць нейкіх дзеяньняў, непадуладных закону.

Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, у сваю чаргу, заяўляе пра неабходнасьць увядзеньня такога парадку. Зь ягоных словаў, у Расеі інтэрнэт-выданьні ўжо рэгіструюць. Адметна, што законапраект прадугледжвае ўнясеньне зьменаў у парадак заснаваньня мэдыяў з прыцягненьнем замежнага капіталу. На думку міністра, гэты працэс трэба зрабіць больш жорсткім, у Беларусі ёсьць уласныя магчымасьці для разьвіцьця сродкаў масавай інфармацыі.

Генэральны дырэктар кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай, якому належыць таксама інтэрнэт-газэта “Белорусские новости” (www.naviny.by) пакуль ня ведае, як праекты такога кшталту будуць працаваць пасьля прыняцьця новай рэдакцыі закону “Пра СМІ”, бо невядомыя пакуль юрыдычныя дэталі.

(Ліпай: ) “Будзем працаваць у рамках заканадаўства, якое будзе прынятае. Калі патрэбна будзе рэгістраваць, будзем рэгістраваць. Ня ведаючы, што яны маюць прыняць, цяжка камэнтаваць гэта. Цяжка наперад нешта прадказваць”.

Нагадаем, што пра неабходнасьць зьменаў у заканадаўства вялося цягам ужо амаль трох год, але толькі цяпер Палата прадстаўнікоў насамрэч занялася гэтай справай.

Які лёс можа напаткаць іншыя інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы, якіх у Беларусі шмат і якія ня раз выклікалі раздражненьне ў прадстаўнікоў улады? На думку каардынатара праекта “Хартыя-97” Алега Бебеніна (сайт www.charter97.org зьяўляецца адным з найбольш папулярных рэсурсаў у Беларусі) умовы існаваньня для сайтаў такога кшталту істотна ня зьменяцца.

(Бебенін: ) “Мы разумеем, што ўсе гэтыя размовы пра тое, што інтэрнэт-выданьні павінны рэгістравацца, што яны павінны мець нейкую ліцэнзію й гэтак далей – гэтыя захады скіраваныя толькі на тое, каб узяць пад кантроль адзіную сёньня непадкантрольную інфармацыйную сфэру, інтэрнэт. Насамрэч я мяркую, што ніякае ліцэнзаваньне, ніякі кантроль сёньня ня можа перашкодзіць распаўсюду незалежнай інфармацыі ў інтэрнэце”.

Спадар Бебенін мяркуе, што рэгістравацца будуць найперш вэб-старонкі ўжо існуючых папяровых выданьняў. Незалежныя ж крыніцы інфармацыі, разьмешчаныя далёка па-за межамі Беларусі, гэтыя зьмены ніяк не крануць. Мой суразмоўца таксама зьвярнуў увагу на тое, што будзе не настолькі лёгка вызначыць, якія зь іх зьяўляюцца інтэрнэт-выданьнямі, а якія – не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG