Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і паэт Рыгор Барадулін прэзэнтуюць “Паравоз каханьня”


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня музычны гурт ”WZ-ORKIESTR” (Усход-Захад-аркестр) пад кіраўніцтвам Зьмітра Вайцюшкевіча разам з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным прэзэнтуюць кампакт-дыск пад назваю “Паравоз каханьня.”

“Паравоз каханьня” – гэта музычны альбом з 13-і кампазыцыяў, напісаных паводле вершаў Рыгора Барадуліна й прасьпяваных папулярным выканаўцам Зьмітром Вайцюшкевічам.

Частка гэтых песьняў, прысьвечаныя жанчынам, якія, паводле аўтараў, мелі на мэце стварыць у слухачоў эратычна–вясёлы настрой. Элемэнт народнага гумару прысутнічае нават у афармленьні кампакт-дыску: гэта маляваная выява вялікага вуха па якім езьдзіць паравоз. Вуха сымбалізуе ўспрыманьне каханьня жанчынамі, а паравоз – словы каханьня, якім па гэтых вушах езьдзіць. Назву альбому “Паравоз каханьня” Рыгор Барадулін патлумачыў гэтак.

(Барадулін: ) “Вайцюшкевіч – гэта новая зьява й хацелася нармалёвы загаловак даць, бо ў душы ня хочацца старэць. Быў такі варыянт – “Каханьне да заіканьня”, але пасьля прыдумалася “Паравоз каханьня” й чатыры радкі да яго:

Паравоз каханьня возіць пары, А яны працуюць шчыра так, Што плывуць над імі хмары, пары, Жарсьць ня сьпіць ні ў хатах, ні ў кустах.”

Паводле спадара Барадуліна, ён з прыемнасьцю працаваў з кампазытарам і сьпеваком Зьмітром Вайцюшкевічам, якога лічыць выключнай зьявай у гісторыі сучаснай беларускай музыкі. У сваю чаргу спадар Вайцюшкевіч супольную працу з народным паэтам лічыць для сябе вялікім гонарам. Гаворыць Зьміцер Вайцюшкевіч.

(Вайцюшкевіч: ) “Дзядзька Рыгор для мяне вельмі сучасны. Вялікая таямніца нават для мяне, што ягоныя вершы гучаць вельмі молада, калі можна так сказаць. Няма адчуваньня таго, што дзядзьку Рыгору хутка будзе 70 год. У кожнай песьні акрамя таго, што ёсьць сэрца дзядзькі Рыгора, ёсьць сэрца маё й кожнага музыкі”.
XS
SM
MD
LG