Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія чарнобыльскія фонды хочуць аздараўліваць беларускіх дзяцей, а не аддаваць свае грошы беларускаму ўраду


Ул. інф. У бэрлінскім культурніцкім доме Карлсгорст адбыўся дабрачынны мастацкі аўкцыён у падтрымку аздараўленьня беларускіх дзяцей у Нямеччыне. У гэты перадкалядны час у фонд Усенямецкай асацыяцыі чарнобыльскіх ініцыятываў паступаюць і іншыя ахвяраваньні.

Нягледзячы на магчымую забарону аздараўленьня юных беларусаў за мяжой, многія нямецкія сем’і вырашылі працягваць падрыхтоўку да чарговых вакацыяў. Кіраўнік Усенямецкай асацыяцыі чарнобыльскіх ініцыятваў, сьвятар Буркгард Гамаер, які нядаўна наведаў Беларусь і меў сустрэчы з адказнымі беларускімі чыноўнікамі, цалкам падтрымлівае гэтае рашэньне.

(Гамаер: ) “Усім сваім сябрам па нямецкім чарнобыльскім руху я кажу: працягвайце сваю падрыхтоўчую працу далей. Зараз у Нямеччыне праходзяць шматлікія калядныя кірмашы, у якіх бяруць удзел нашыя чарнобыльскія ініцыятывы. Людзі прадаюць сваё каляднае печыва, пернікі, таксама розныя цацкі, з тым, каб атрыманыя грошы накіраваць на фінансаваньне будучых вакацыяў. Для нас мае значэньне кожнае эўра. Нічога ў нашы сем’і ня валіцца зь неба. Усё трэба арганізоўваць зараз. Ці варта гэта рабіць, калі ўсё так ня пэўна? Канечне, варта”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі здарыцца так, што сродкі будуць сабраныя, а дзецям не дазволяць паехаць у Нямеччыну, ці перададуць вашыя ініцыятывы гэтыя сродкі беларускаму кіраўніцтву з тым, каб дзіцячы адпачынак надалей праходзіў на іхнай Бацькаўшчыне?”

(Гамаер: ) “Я думаю, што гэтага ня будзе. Канечне, Беларусь цудоўная, прыгожая краіна, тут ёсьць чыстыя ад радыяцыі тэрыторыі. Аднак, колькі мусіць быць у Беларусі санаторыяў, якія б маглі прыняць на адпачынак усіх чарнобыльскіх дзяцей? Хто будзе фінансаваць гэтае будаўніцтва? Калісьці на пачатку 90-х нашыя ініцыятывы самі пачалі будаўніцтва на Віцебшчыне дзіцячага санаторыя. Мы разважалі такім чынам: летам дзеці могуць аздараўляцца ў Нямеччыне, а зімой тут, у Беларусі. Аднак нам не ўдалося рэалізаваць гэты праект, будоўля была прыпыненая беларускім бокам. Тады была такая палітыка з боку беларускіх уладаў: “не!”. Зараз жа разьлікі робяцца на тое, што ў Беларусі мусяць працаваць сотні дзіцячых санаторыяў. Я ведаю адно: у Нямеччыне беларускія ўлады ня знойдуць ніводнай сям’і, якія б сказалі: мы дамо на гэта грошы. Нашыя людзі ня хочуць даваць грошы на нейкія ананімныя рэчы. Гэта нерэальна, каб людзі сказалі: мы будзем даваць беларускаму ўраду эўра, эўра і эўра”.
XS
SM
MD
LG