Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія дэпутаты сфармавалі парлямэнцкую групу “За дэмакратычную Беларусь”


Тацяна Поклад, Вільня У Літоўскім Сойме новай кадэнцыі пачала дзейнічаць парляманцкая група “За дэмакратычную Беларусь”.

Стварэньне парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” у літоўскім Сойме ініцыявала дэпутатка ад апазыцыйнай цяпер партыі кансэрватараў Раса Юкнявічэне, аднак у групе ёсьць прадстаўнікі і іншых фракцыяў, у тым ліку і кіруючай.

Паводле Р. Юкнявічэне, у групе ўжо зарэгістраваліся 16 парлямантароў, магчыма, іх колькасьць яшчэ зьменіцца. Статут Сойму дазваляе ствараць падобныя часовыя групы парлямантароў, якіх аб’ядноўвае цікавасьць у пэўных канкрэтных пытаньнях.

Гэткім чынам парлямантары маюць намер падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Раса Юкнявічэне патлумачыла, што асноўная мэта групы – спрыяць кантактам і супрацоўніцтву літоўскага і беларускага народу, не пакідаць беларусаў у ізаляцыі, паколькі міжнародныя санкцыі, да якіх далучылася і Літва, датычныя прадстаўнікоў аўтарытарнага рэжыму, але не беларускага народу.

Літва, якая мае больш за 650 кілямэтраў агульнае мяжы зь Беларусьсю, апошнія гады прытрымліваецца пазыцыі “крытычнага дыялёгу” ў дачыненьні да афіцыйнага Менску – ігнаруе вышэйшых прадстаўнікоў афіцыйных беларускіх уладаў, далучаецца да міжнароднае крытыкі беларускага рэжыму, аднак падтрымлівае прагматычнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў памежных дачыненьнях, у сфэры транспарту і эканомікі. Літва ажыцьцяўляе асьветніцкія праекты для прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, журналістаў, студэнтаў, творчай інтэлігенцыі.

Антанас Валёніс, цяперашні часовы міністар замежных справаў Літвы, які быў міністрам замежных справаў у папярэднім літоўскім урадзе (цяпер у Літве фармуецца новы кабінэт міністраў) падкрэсьлівае, што імкненьне літоўскіх дэпутатаў разьвіваць сувязі зь Беларусьсю не азначае прызнаньне Нацыянальнага сходу Беларусі легітымным.

(Валёніс: ) “Зь беларускімі парлямэнтарамі ў нас супрацоўніцтва было, ёсьць, і, мяркую, будзе. Мы запрашалі і прадстаўнікоў афіцыйных уладаў, і апазыцыю, і маем намер і надалей гэта рабіць. Але афіцыйнае супрацоўніцтва на вышэйшым узроўні зь нелегітымна абраным беларускім парлямэнтам – ня думаю, што гэта будзе магчыма”.

У літоўскім Сойме мінулай кадэнцыі існавалі дзьве парлямэнцкія групы па сувязях зь Беларусьсю. Адна зь іх аб''ядноўвала парлямантароў, якія імкнуліся кантактаваць з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Другая група падтрымлівала сувязі зь беларускай апазыцыяй і дэмакратычнымі сіламі, і менавіта яе былая старшыня, Раса Юкнявічэне, заявіла ў цяперашнім Сойме пра стварэньне парлямэнцкай групы “За дэмакратычнцую Беларусь”.
XS
SM
MD
LG