Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяспанскі: У Магілёўшчыну ніхто не паедзе, пакуль не адрэстаўруюць гістарычныя помнікі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Сёньня – чарговая гадавіна ўтварэньня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры. Гэтае таварыства, якое зьявілася ў 1966 годзе, і цяпер мае ўплыў, прынамсі ў Магілёўскай вобласьці. Якая сытуацыя з аховай помнікаў гісторыі й культуры ў рэгіёне, і якая роля грамадзкіх арганізацыіяў у справе аховы гістарычнай спадчыны?

Гістарычныя помнікі ў Магілёўскай вобласьці пакуль у занядбаным стане – так гаворыць намесьнік кіраўніка абласнога аддзяленьня таварыства аховы помнікаў Сяргей Бяспанскі. Можна пералічыць самыя буйныя: Пацёмкінскі палац у Крычаве, сінагога ў Быхаве, Бабруйская крэпасьць, Жыліцкі палац. Усе яны патрабуюць сур’ёзнага рамонту, рэстаўрацыі. Гаворыць Сяргей Бяспанскі.

(Бяспанскі: ) “Гэта спадчына, якую трэба захоўваць і гэта прывядзе да нас турыста. Калі няма чаго паказаць, то ніхто сюды не прыедзе. Цяпер трэба выдаткаваць грошы і розум, прыкласьці рукі дзеля таго, каб зрабіць «залатое кола» Магілёўшчыны”.

Заўважу, што жаданьне прыцягнуць турыстаў сыходзіць ад уладаў, якія бачаць у развіцьці турызму дадатковую крыніцу даходаў. Аднак пакуль наконт турыстаў ня вельмі атрымліваецца, іх у Магілёўскую вобласьць прыяжджае вельмі мала.

Тым часама таварыства, паводле Сяргея Бяспанскага, выступіла супраць пабудовы ў гістарычным цэнтры Магілёва дзьвюх заправачных станцыяў. Скандал быў, пратэсты гісторыкаў і грамадзкасьці былі, аднак вынік такі, што запраўкі ўсё ж пабудавалі, і яны працуюць. Але ёсьць і заваёвы: сёлета з ініцыятывы таварыства быў усталяваны помнік абаронцам Магілёва, а таксама была знойдзеная дакумэнтацыя 20-га мэханізаванага вайсковага корпусу, які абараняў Магілёў і ня выйшаў з акружэньня. Скрыні з паперамі кінулі “чорныя” архэолягі, а актывісты таварыства аховы помнікаў іх знайшлі.

Я размаўляла з краязнаўцамі зь Бялыніцкага сельскага раёну, і яны зазначаюць, што мясцовая ўлада цяпер пільна сочыць перадусім за савецкімі помнікамі, якія зьвязаныя з Другой сусьветнай вайной, бо гэта пасуе дзяржаўнай ідэалёгіі.

Кіраўнік раённага краязнаўчага таварыства Міхась Карпечанка сказаў, што было б разумна і абачліва клапаціцца пра ўсе помнікі.

Тым больш, што ў Бялыніцкім раёне за савецкім часам былі зьнічшаныя асноўныя помнікі архітэктуры, і засталося толькі некалькі старажытных будынкаў, ёсьць яшчэ помнікі археалёгіі. І гэтыя каштоўнасьці трэба захаваць для нашчадкаў. З гэтым згодны і кіраўнік абласнога таварыства аховы помнікаў Сяргей Бяспанскі.

(Бяспанскі: ) “Расейскі навукоўца Вярнадзкі калісьці сказаў, што захаванасьць культурных помнікаў прамапрапарцыянальна культурнаму развіцьцю нацыі альбо народу. Чым больш нацыя культурная – там больш помнікаў, якія захоўваюцца”.
XS
SM
MD
LG