Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстанс Фліпот: “Мы падтрымліваем беларускі народ”


Ганна Соусь, Менск Намесьніца амбасадара ЗША ў Беларусі спадарыня Канстанс Фліпот сёньня наведала студыю Радыё Свабода і адказала на пытаньні нашай карэспандэнткі.

Напярэдадні Міжнароднага дня Правоў чалавека намесьніца кіраўніка дыпляматычнай місіі Злучаных Штатаў Амэрыкі спадарыня Канстанс Фліпот падкрэсьліла важнасьць таго, каб урад Беларусі прытрымліваўся міжнародна прызнаных асноўных правоў чалавека і сваіх абавязацельстваў у выкананьні Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Некалькі дзён таму амбасада ЗША выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што ЗША з усё большай занепакоенасьцю назіраюць за ўзмацненнем нападаў на незалежную грамадзянскую супольнасць у Беларусі.

(Фліпот: ) “Я хацела бы скарыстацца магчымасьцю і сказаць, што на гэтым тыдні мы будзем адзначаць міжнародны дзень правоў чалавека. Падпісваючы ўнівэрсальную Дэклярацыю правоў чалавека, Беларусь пагадзілася з тым, што фундамэнтальныя свабоды, такія як свабода прэсы, свабода сходаў і свабода выказваньняў зьяўляюцца асновай свабоды і справядлівасьці. І мы заклікаем беларускі ўрад выконваць тыя абяцаньні, якія яны далі, падпісваючы гэтую Дэклярацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Фліпот, як вы ацэньваеце апошнія падзеі ва Ўкраіне? На вашую думку, ці магчымая падобная “аранжавая рэвалюцыя” ў Беларусі ў 2006 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў?”

(Фліпот: ) “Я думаю, што найбольш значныя элемэнты сытуацыі ва Ўкраіне ў тым, што ва ўкраінскага народу стала мужнасьці, і ў іх была магчымасьць самастойна вырашыць сваю палітычную будучыню. І цяпер становіцца зразумела, што ўлады прыслухоўваюцца да тых людзей, што цяпер на вуліцах. Я не хацела бы прадказваць, наколькі такія падзеі магчымыя ў Беларусі, таму што тут іншы народ, зь іншай гісторыяй, зь іншай культурай. Аднак я ўпэўненая, што калі-небудзь, я ня ведаю калі, беларусы змогуць вызначыць свой уласны палітычны лёс так, як будуць лічыць патрэбным. І мы падтрымліваем беларускі народ, падтрымліваем жаданьне беларускага народу атрымаць магчымасьць вызначыць сваю палітычную будучыню свабодна і справядліва”.
XS
SM
MD
LG