Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірыну Халіп зноў выклікалі ў пракуратуру – гэтым разам за публікацыю пра сьмяротныя пакараньні


Альгерд Невяроўскі, Менск Намесьніцу галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірыну Халіп 7 сьнежня выклікалі ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Пракурораў цікавіла публікацыя ў расейскай “Новой газете” пад назваю “П’яныя каты”. У гэтым артыкуле нагадвалася, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе яшчэ існуе сьмяротнае пакараньне.

У сваім артыкуле Ірына Халіп апісала падрабязнасьці расстрэлаў у Беларусі. Між іншым, журналістка напісала пра падрабязнасьці візыту ў 1999 годзе камандзіра брыгады спэцназу Міністэрства ўнутраных справаў Зьмітра Паўлічэнкі ў сьледчы ізалятар Менску, калі там выконваліся сьмяротныя пакараньні. Пракуроры Станіслаў Новікаў і Сьвятаслаў Голік спрабавалі высьветліць, адкуль Ірына Халіп брала факталягічны матэрыял для свайго расьсьледаваньня, а таксама ўзялі зь яе афіцыйныя тлумачэньні ў гэтай справе. Гаворыць Ірына Халіп:

(Халіп: ) “Яны ў сваю чаргу спрабавалі растлумачыць мне, што сьмяротнае пакараньне — гэта выбар беларускага народу, а значыць, гэта адна з каштоўнасьцяў беларускай дзяржавы. І значыць, нельга сумнявацца ў каштоўнасьцях беларускай дзяржавы. Акрамя таго, яны спрабавалі абвінаваціць мяне ў тым, што я карыстаюся выключна плёткамі й інфармацыю не магу пацьвердзіць. А я проста патлумачыла, што ня буду раскрываць імёнаў сваіх крыніцаў”.

Гэта ўжо ня першы выпадак выкліку Ірыны Халіп, іншых журналістаў, а таксама апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў у пракуратуру — асабліва пасьля выбараў і рэфэрэндуму. Спадарыня Халіп лічыць, што вышэйшыя беларускія чыноўнікі, хутчэй за ўсё, загадалі сваім падначаленым нейкім чынам разабрацца з тымі, хто дапускаў рэзкія выказваньні на адрас улады, і тыя загад выконваюць.
XS
SM
MD
LG