Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма зрывае міжфракцыйныя дамоўленасьці


Валер Каліноўскі, Кіеў Леанід Кучма адмаўляецца падпісаць указ аб адстаўцы ўраду Віктара Януковіча. Гэта паставіла пад пагрозу працэс прыняцьця пакетных пагадненьняў, якія былі узгодненыя фракцыямі парлямэнту ўчора і якія маглі б канчаткова разьвязаць канфліктную сытуацыю пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

Блёк “Наша Ўкраіна” пагадзіўся на канстытуцыйную рэформу пры ўмове адначасовага падпісаньня Леанідам Кучмай указу пра адстаўку ўраду Януковіча і роспуску Цэнтральнай выбарчай камісіі.

На пагаджальнай радзе парлямэнту ў гэтым пытаньні быў знойдзены кампраміс праўрадавых і апазыцыйных фракцыяў і ўжо было прапанавана, што выконваць абавязкі прэм’ера будзе першы намесьнік Януковіча Мікола Азараў.

Аднак Кучма не пагадзіўся, спаслаўшыся, што Януковіч пайшоў у адпачынак. Кучма таксама кажа, што не падпіша ўказа аб адстаўцы Януковіча безь ягонай згоды.

Акрамя таго выявілася, што кандыдатаў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі нельга звальняць.

Сьпікер Вярхоўнай рады Ўладзімер Літвін прапанаваў Кучму накіраваць Януковіча ў адпачынак з наступным звальненьнем пасьля выбараў.

Сёньня кіраўнікі парлямэнцкіх фракцыяў замест заплянаванага на 12 гадзінаў паседжаньня Вярхоўнай Рады адбылі на перамовы з Кучмам у ягоную загарадную рэзыдэнцыю.

Пасьля перамоваў Уладзімер Літвін паведаміў, што сытуацыя застаецца ранейшай і парлямэнт будзе дзейнічаць паводле свайго разуменьня.

Адзіная саступка, на якую сёньня пайшоў Кучма – накіраваў прадстаўленьне ў парлямэнт пра замену складу ЦВК.

Вярхоўная Рада ўчора ўвечары пачала разгляд пакетных пагадненьняў. Перамовы з Кучмам сябе вычарпалі – лічаць прадстаўнікі апазыцыі і актывісты аранжавай рэвалюцыі.
XS
SM
MD
LG