Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў мінулым месяцы купілі 32 кіляграмы залатых зьліткаў


Міхал Стэльмак, Менск Цана золата на міжнародных рынках працягвае расьці. Паводле назіральнікаў, рост цаны на яго дасягнуў рэкорднага ўзроўню за апошнія 16 гадоў і тлумачыцца гэта нестабільнасьцю асноўных сусьветных валют, у прыватнасьці, эўра і даляру ЗША. Ці карыстаецца золата попытам у беларусаў? Адказ на гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт.

Сёньня легальна набыць золата, як вынікае з тлумачэньняў прадстаўнікоў Нацыянальнага банку Беларусі, мае магчымасьць любы беларус. У прыватнасьці, вось што на гэты конт паведаміў мне прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “Статыстыка гаворыць пра тое, што залатыя мерныя зьліткі сталі вельмі папулярнымі ў насельніцтва. Дастаткова сказаць, што за мінулы месяц грамадзяне купілі амаль 32 кіляграмы золата. Калі параўнаць гэта з папярэднім месяцам, то гэта ў два разы больш. Усяго з пачатку года куплена амаль 169 кіляграмаў. Гэта амаль удвая больш, чымсьці за ўвесь мінулы год”.

(Карэспандэнт: ) “Чым, на вашу думку, выклікана гэтая тэндэнцыя?”

(Журавовіч: ) “Гэта тлумачыцца тым, што цана на золата на ўсясьветных рынках вельмі ўзрасла. І яны шукаюць, дзе захоўваць ашчаджаныя сродкі. Які від выбраць. І некаторыя аддаюць перавагу захоўваньню ў залатых мерных зьлітках”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе беларусы могуць набыць золата?”

(Журавовіч: ) “Золата можна набыць у галоўных упраўленьнях Нацыянальнага банку па абласьцях, а таксама ў райцэнтрах”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць абмежаваньні на набыцьцё гэтага каштоўнага мэталю? Можна кіляграм золата купіць?”

(Журавовіч: ) “Можна. Абмежаваньняў няма ніякіх. Як ня трэба і прад’яўляць пашпарт. Сёньня Нацыянальны банк прапануе зьліткі 1 грам, 5, 10, 20, 50, 100, 250, 500 і 1 кіляграм”.

Як мы толькі што чулі ад прадстаўніка Нацыянальнага банку, беларусы пачалі актыўна набываць золата з мэтай ашчаджаньня грошай. Ці можна ўжо зараз назваць гэтую зьяву масавай? Масавым захаваньне жыхарамі Беларусі сваіх зьберажэньняў у золаце на сёньняшні дзень назваць наўрад ці можна.

Спадар Журавовіч вышэй назваў лічбу 169 кіляграмаў– колькасьць набытага сёлета беларусамі золата. Аднак колькі грамадзянаў купіла залатыя зьліткі –такой статыстыкі няма. Ва ўсялякім разе, Нацбанк, як сьцьвярджае яго прэсавы сакратар, не цікавіцца прозьвішчам грамадзянаў, што набываюць залатыя зьліткі. Прынамсі, вядома, што самыя папулярныя зьліткі, купленыя насельніцтвам у Нацбанку, – 10-грамовыя. Аднак, мяркуецца, што іх набываюць не для захаваньня зьберажэньняў ад абясцэньваньня, а ў якасьці падарунка. Праўда, ёсьць некалькі асобаў, паводле зьвестак Нацбанку, якія набылі і кіляграмовыя зьліткі. Але зь якой мэтай яны гэта зрабілі – невядома.

Вось што мяркуе на гэты конт менская вуліца:

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да захаваньня зьберажэньняў у золаце?”

(Спадар Аляксандр: ) “Я пра гэта ня задумваўся”.

(Спадарыня Ганна: ) “Ніколі не захоўвала ў золаце. Не хапае на гэта грошай”.

(Спадарыня Алена: ) “Я думаю, што ня выгадна. Таму што дзяржава вельмі мала, ерунду нейкую, плаціць за гэтае золата. Калі б яны плацілі па рэальных коштах, то было б выгадна. А так гэта ня выгадна”.

(Спадар Іван: ) “Золата – яно ж проста ляжыць. А нам жа трэба жыць”.

(Спадар Віталь: ) “У золаце? У звычайным жыцьці гэта непрактычна. Вельмі шмат яго губляецца. Выціраецца”.

(Спадарыня Валянціна: ) “А навошта мне гэта трэба?! У мяне было некалькі залатых пярсьцёнкаў, завушніц ды й усяго іншага. Але калі б спатрэбіліся грошы, то дзе і як іх прадаць? Занесла ў лямбард, дык там плацяць капейкі. Так што ня бачу ніякага сэнсу ў гэтым”.

Шараговыя жыхары, як вынікае з гэтага невялікага апытаньня, пакуль што без асаблівага энтузіязму ставяцца да захаваньня зьберажэньняў у золаце. А што думаюць на гэты конт адмыслоўцы?

Спэцыялісты лічаць золата досыць пэрспэктыўным інструмэнтам абароны зьберажэньняў ва ўмовах хістаньняў курсаў асноўных сусьветных валютаў. Напрыклад, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук налічыў 10 аргумэнтаў на карысьць захаваньня зьберажэньняў у золаце.

Сярод іх, апроч абясцэньваньня амэрыканскага даляра і шэрагу іншых адметнасьцяў усясьветнага фінансавага рынку, ён назваў і ўнутрыбеларускія прычыны. У прыватнасьці, моцную залежнасьць айчыннага грашовага рынку ад вонкавых фактараў, у тым ліку ад эканамічнай сытуацыі ў Расеі, якую, паводле спадара Раманчука, нельга назваць стабільнай у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Гэткага ж меркаваньня прытрымліваецца і дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Віктар Алампіеў, які быў намесьнікам кіраўніка парлямэнцкай камісіі ў пытаньні эканамічнай рэформы:

(Алампіеў: ) “Людзі дарэвалюцыйныя, клады якіх знаходзяць, іх жа не знаходзяць у “керанках”. Людзі, які мелі дастатак, захоўвалі грошы ў “чырвонцах” залатых. Таму, калі народ пачне багацець, ён разьбярэцца і зразумее, што такое золата. Маладыя беларусы зразумеюць, што свае зьберажэньні трэба захоўваць ці ў золаце, ці ў каштоўных камянях, ці ў цьвёрдых валютах”.
XS
SM
MD
LG