Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая арганізацыя “Svenska Freds” навучыць беларусаў талерантнасьці?


Алесь Дашчынскі, Менск Праваабарончы цэнтар "Вясна" і швэдзкая арганізацыя “Svenska Freds” (Швэдзкая супольнасьць за мір і арбітраж) прысьвяцілі шэраг сэмінараў, а яны адбыліся ў Магілёве, Гомелі, Берасьці, Наваполацку і ў Менску, пытаньню талерантнасьці ў беларускім грамадзтве.

Найстарэйшая грамадзкая арганізацыя Швэцыі Svenska Freds, створаная ў канцы 18 стагодзьдзя людзьмі, якія жадалі мірнага падзелу Швэцыі і Нарвэгіі. За дзейнасьць у гэтым кірунку арганізацыя атрымала першую Нобэлеўскую прэмію. За кампанію супраць проціпяхотных мін у Афрыцы Svenska Freds атрымала другую Нобэлеўскую прэмію. Цяпер яна скіравала свой пагляд на пытаньне талерантнасьці ў Беларусі. Чаму менавіта цяпер гэтая тэма становіцца актуальнай?

Беларусь стала суседкай Эўрапейскага зьвязу, таму пытаньне талерантнасьці так ці інакш выходзіць на першы плян. Эўрапейцы хочуць бачыць на сваіх межах сапраўды талерантны і прадказальны народ. Хоць і прынята лічыць, што беларусы талерантныя, але ці насамрэч гэта так?

Праблемы суіснаваньня ў грамадзтве розных групаў – нацыянальных, рэлігійных, культурных і сацыяльных – яны ў Беларусі хутчэй ня вырашаныя, а так бы мовіць, прыглушаныя сілай. (Да прыкладу, калі царква не адпавядае афіцыйнай лініі падтрымкі праваслаўя, то яе сьціраюць зь зямлі бульдозэрам. Я маю на ўвазе, народную царкву ў пасёлку Пагранічным). Тое ж самае можна казаць пра ўніяцкую царкву, якой чамусьці дазволена будаваць свае сьвятыні толькі на ўскрайку гарадоў. Ёсьць прыклады і на ўзроўні нацыянальным: колькасьць дзяцей, якія вывучаюць польскую мову скарачаецца, а новыя польскія школы ў Беларусі больш не адчыняюцца, ніводнай школы ня маюць цыганы Беларусі. Ніводнага цыгана няма сярод высокапастаўленых чыноўнікаў, адзначае прадстаўнік цыганскай меншасьці Мікалай Калінін.

(Калінін: ) “Існуе праблема дыскрымінацыі супраць цыганоў. Дзяржаўная палітыка не падрыхтавана пад нацыянальныя меншасьці, няма нацыянальнай палітыкі наагул, і дзяржава ў накірунку да нацыянальных меншасьцей ня мае ніякага канкрэтнага пляну, каб інтэграваць нацыянальныя меншасьці ў бок прадстаўнікоў беларускай тытульнай нацыі”.

Удзельнік канфэрэнцыі з Горадні Тадэвуш Гавін, прадстаўнік польскай меншасьці ў Беларусі:

(Гавін: ) “На ўзроўні грамадзянскай супольнасьці я такую талерантнасьць як прадстаўнік нацыянальнай меншасьці адчуваю. У нас добрыя адносіны паміж палякамі і беларусамі. Паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю гэтай талерантнасьці бракуе”.

Праваабарончы цэнтар "Вясна" як бы засяроджвае ўвагу менавіта на гэтых праблемных сытуацыях, якія патэнцыйна могуць стаць выбухованебясьпечнымі, адзначае кіраўніца праекту Тацяна Рэвяка.

(Рэвяка: ) “Жыцьцё паказвае, што ў нас ёсьць і праявы антысэмітызму, праявы расізму. У Віцебску асуджаны падлеткі за зьбіцьцё чорнаскурых студэнтаў. У Гомелі адбылося забойства маладога чалавека, які нападаў на цёмнаскурых, у Гомельскай вобласьці шмат перасяленцаў. І трэба ведаць вось пра гэтыя пагрозы”.

Славутая талерантнасьць, гэта ўсё ж станоўчая ці адмоўная характарыстыка беларусаў?

Бальшыня маіх суразмоўцаў адзначае, што талерантнасьць беларусаў, наагул, гэта міт, і калі казаць пра талерантнасьць у сэнсе цярплівасьці, абыякавасьці ці прыстасавальніцтва – гэта, канечне, адмоўная рыса. За часам СССР склалася традыцыя сьцьвярджаць, што беларусы вельмі талерантныя, але казаць, што беларускае грамадзтва насамрэч талерантнае нельга, лічыць сябра "Вясны" Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Сьцьвярджаць мы так ня можам, бо трансфармацыі грамадзтва вялікага ў нас не адбылося. Грамадзтва збольшага застаецца такім саветызаваным, а савецкае грамадзтва апрыёры не магло быць талерантным”.

Аказваецца, што талерантнасьць у разуменьні эўрапейцаў гэта нешта іншае, больш шырокае. У гэтым сэнсе швэдзкі вопыт, які прэзэнтавала арганізацыя “Svenska Freds”, можа быць для Беларусі павучальным, бо швэдзкае грамадзтва ня ведала вайны гадоў 200. Паслухаем Тацяну Рэвяку.

(Рэвяка: ) “Яны здолелі шмат у чым зрабіць сваё грамадзтва настолькі талерантным, што ім ужо не трэба выкарыстоўваць гвалтоўныя мэтады вырашэньня канфліктаў. Для нас гэта нейкі ўзор. Мы павінны прайсьці свой шлях, але ведаць, што ёсьць шляхі нармальныя, цывілізаваныя, дэмакратычныя, безваенныя, негвалтоўныя шляхі вырашэньня канфліктаў”.

У гэтым сэнсе ў Беларусі можа быць скарыстаны і ўкраінскі вопыт і ў гэтым сэнсе беларусы не такія ужо безнадзейныя. Меркаваньне сябра "Вясны" Віктара Раманішка са Сьветлагорску:

(Раманішка: ) “Што тычыцца таго, што адбываецца ва Ўкраіне, гэта цалкам верагодна і для Беларусі, таму што мы вельмі падобныя людзі. Пры некаторых умовах і ў Беларусі можа адбыцца тое ж самае”.
XS
SM
MD
LG