Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы ў Беларусі стаць сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі?


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Жэнэве пачаўся двухдзённы сэмінар у справе вывучэньня юрыдычных магчымасьцяў далучэньня Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Сэмінар арганізаваны сакратарыятам гэтай арганізацыі, а таксама прадстаўніцтвам Беларусі ў швайцарскім аддзяленьні ААН для вышэйшых чыноўнікаў шэрагу Міністэрстваў і ведамстваў Беларусі.

Як ацэньваюць шансы Беларусі на сяброўства ў гэтай арганізацыі прадстаўнікі ўладных структураў і незалежныя эканамісты?

У Міністэрстве замежных справаў заяўляюць, што сёньняшні сэмінар ёсьць важным крокам на гэтым шляху. Вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе прадстаўнік службы інфармацыі Руслан Есін.

(Есін: ) “Удзел у адмысловым сэмінары УГА беларускіх адмыслоўцаў паспрыяе ўмацаваньню перамоўнага працэсу й падвышэньню эфэктыўнасьці працы па прывядзеньню беларускага заканадаўства ў адпаведнасьць з правіламі Усясьветнай гандлёвай арганізацыі.”

Паводле незалежных эканамістаў, каб айчыннае заканадаўства адпавядала міжнародным нормам, якімі кіруецца Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя, неабходна зрабіць унёскі больш, як у дзьве тысячы законаў. Таму пэрспэктывы сяброўства Беларусі ў гэтай структуры вельмі праблематычныя – заявіў у інтэрвію Свабодзе доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба.

(Жаліба: ) “Эканоміка краіны, якая прэтэндуе на ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, павінна адпавядаць нормам нармалёвай, адкрытай рынкавай эканомікі. Акрамя таго, у іх ёсьць вызначаныя палітычныя патрабаваньні. У мяне сумныя думкі, бо ў нас у кірунку большай адкрытасьці для эканомікі, для прыватнага бізнэсу – істотных зрухаў няма. Таму я скептычна стаўлюся да гэтых перамоваў”.

Сёньня ў Жэнэве пачаўся сэмінар у справе далучэньня Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Гэта навучальны сэмінар для вышэйшых чыноўнікаў шэрагу Міністэрстваў і ведамстваў Беларусі. Мэта ягонага правядзеньня – узгадненьне нацыянальнага заканадаўства з правіламі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Правядзеньне такога сэмінару ў вышэйшых уладных структурах Беларусі называюць станоўчым фактам на будучае сяброўства ў гэтай арганізацыі.

Вось некаторыя зьвесткі пра Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю: У яе склад ўваходзяць 146 краінаў сьвету паміж якімі ўсталяваныя найбольш спрыяльны рэжым гандлю.

Да прыкладу, цяпер у Эўропе існуе перасьлед экспарту айчынных тавараў – такіх як калійныя солі, хімічныя валокны й іншых – паводле іхнай вялікай колькасьці й нізкага кошту. На гэтым Беларусь губляе сотні мільёнаў даляраў. Сяброўства ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі здымае такія праблемы, спрыяе павелічэньню гандлю, даходаў дзяржавы й грамадзянаў, дае магчымасьці больш шырокага выбару тавараў і паслуг, дазваляе зьнізіць беспрацоўе й урэшце – гэта міжнароднае прызнаньне. Таму вельмі многія краіны, у тым ліку й Беларусь, імкнуцца да сяброўства ў гэтай арганізацыі.

Але нават самыя пэрспэктыўныя дзяржавы з рынкавай эканомікай, як правіла, ідуць да гэтага каля дзесятка гадоў. Беларусь у гэтым сэнсе застаецца проста па-за канкурэнцыяй – заявіў у інтэрвію Свабодзе незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Ня рынкавая эканоміка ня можа ўваходзіць у склад краінаў, якія ўваходзяць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Такая эканоміка, якая ў Беларусі ёсьць, ніколі ня будзе прызнаная рынкавай. Ня толькі зьмена заканадаўства, але вельмі многія рэформы павінныя адбыцца, каб мы маглі да гэтай арганізацыі далучыцца. Лібэралізацыя зьнешняга гандлю – яна дае падвышэньне дабрабыту насельніцтва – гэта абавязкова. Але для Беларусі гэта амаль што немагчыма зараз”.
XS
SM
MD
LG