Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачатак суду над Міхаілам Марынічам прызначаны на 23 сьнежня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Разглядаць справу былога міністра будуць у Менскім раённым судзе. Адвакаты Міхаіла Марыніча прадбачаць, што працэс будзе складаны, але спадзяюцца на апраўдальны прысуд.

Весьці справу Міхаіла Марыніча будзе старшыня Менскага раённага суду Людміла Далжэнка. Пра гэта паведамілі ў канцылярыі суду. Між тым, сама судзьдзя адмовілася размаўляць пра будучы працэс:

(Далжэнка: ) “Я на гэтую тэму размаўляць не зьбіраюся, прабачце”.

Міхаіл Марыніч быў арыштаваны ўжо амаль сем месяцаў таму. Увесь гэты час яго ўтрымліваюць у ізалятары КГБ. Спачатку былога міністра абвінавачвалі ў падробцы грошай, крадзяжы сакрэтных дакумэнтаў ды незаконным захоўваньні зброі, але потым два першыя абвінавачаньні адпалі. У дадатак Міхаілу Марынічу прад’явілі абвінавачаньне і ў крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”, якую ён у апошні час узначальваў. Адвакатка Вера Страмкоўская лічыць Марыніча невінаватым і паводле гэтага эпізоду, але называе яго “самым сур’ёзным у справе і таму складаным”. Паводле гэтага эпізоду Марынічу пагражае да 15 гадоў турмы, аднак адвакатка верыць у посьпех.

(Страмкоўская: ) “Мы спадзяемся, што суд будзе справядлівым, а прысуд , які вынясе суд, — апраўдальным”.

Паводле сваякоў Міхаіла Марыніча, у камэры ён вывучае матэрыялы справы і Крымінальны кодэкс, каб лепей падрыхтавацца да будучага працэсу. Вінаватым сябе Міхаіл Марыніч не прызнае.

Беларуская апазыцыя і праваабаронцы лічаць, што ўлады перасьледуюць Міхаіла Марыніча з палітычных прычынаў. Пры затрыманьні ў яго было канфіскавана 90 тысяч даляраў, якія ён зьбіраўся патраціць на выбарчую кампанію ў парлямэнт. Таксама згадваецца, што Міхаіл Марыніч спрабаваў вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году і не выключаў свайго ўдзелу у выбарах 2006 году.
XS
SM
MD
LG