Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэм’юэл Гантынгтан: “Беларусь – гэта ўнікальны выпадак апошняй сапраўднай дыктатуры на эўрапейскім кантынэнце”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сэм’юэл Гантынгтан – выбітны палітоляг, прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту, аўтар сусьветна вядомай працы “Канфлікт цывілізацыяў і зьмена сусьветнага парадку”, які браў сёньня ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі ў Варшаве, прысьвечанай праблемам сучаснай дэмакратыі, адказаў сёньня на пытаньні нашага варшаўскага карэспандэнта.

Сэм’юэл Гантынгтан – вядомы перадусім добрым веданьнем геапалітычнай сытуацыі ў сьвеце і здольнасьцямі прадбачыць некаторыя глябальныя падзеі, як, напрыклад, гэта было ў выпадку балканскага канфлікту. Я запытаўся ў спадара Гантынгтана ці можна ў найбліжэйшы час чакаць зьменаў у Беларусі? Як доўга ў наш час можа існаваць недэмакратычны рэжым у цэнтры Эўропы?

(Гантынгтан) “Я думаю, што ў Беларусі склалася сытуацыя, у якой кіраўніцтва гэтай краіны робіць праблемы нават кіраўніцтву Расеі. Прэзыдэнту Пуціну ў пэўным сэнсе сорамна за цяперашніх беларускіх кіраўнікоў, хаця тое, што адбываецца ў Беларусі ў значнай ступені залежыць менавіта ад Пуціна. Несумненна, Беларусь – гэта ўнікальны выпадак апошняй сапраўднай дыктатуры на эўрапейскім кантынэнце. Я думаю, што гэтая дыктатура не пратрымаецца вельмі доўга, але які будзе яе канец і ў якіх акалічнасьцях гэта здарыцца мне вельмі цяжка прадбачыць”.

Сэм’юэл Гантынгтан сказаў, што ў пытаньні зьмены палітычнага ладу ў краіне заўсёды мае значэньне дапамога суседніх, больш вялікіх краінаў, ці міжнародных арганізацыяў, але, як адзначыў спадар Гантынгтан, “з-за мяжы лёс таго ці іншага народу не вырашыш”.

Паводле ягоных словаў, каб мелі месца сытуацыі, падобныя да тых, што была ў Грузіі ці цяпер ва Ўкраіне, патрэбная воля народу і адпаведны “зьбег акалічнасьцяў”.

У Беларусі часта гавораць, што дэмакратызацыя краіны магчымая толькі калі вырасьце і ўвойдзе ў актыўнае жыцьцё цяперашняя моладзь. Якую параду даў бы спадар Гантынгтан гэтай моладзі?

(Гантынгтан: ) “Мая парада маладым людзям – думайце глябальна. Думайце пра вялікія мэты, думайце, як тое, што вы робіце, можа дапамагчы грамадзтву. Кожны можа стаць лепшым ва ўсіх сэнсах, спрабуючы дапамагаючы іншым. Я ня ведаю, якая дакладна сытуацыя ў вас, але ў ЗША малодшае пакаленьне цяпер ўсё больш сваіх сілаў і часу прысьвячае добраахвотнай і бясплатнай службе грамадзтву. Мае студэнты ў Гарвардзе аддаюць шмат свайго часу іншым – навучаюць ангельскай мове імігрантаў, дапамагаюць хворым, пашыраюць такім чынам свае веды, свае погляды сярод іншых. Гэта надзвычай важна і для маладых людзей і для грамадзтва”.

Адказваючы на пытаньне, ці мае сэнс у сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі пошук гэтак званага, свайго, “трэцяга шляху” разьвіцьця, пра які часта гаворыць кіраўнік беларускай дзяржавы, Сэм’юэл Гантынгтан, заявіў што ня можа адказаць на гэтае пытаньне, бо ня ведае што такое гэты “трэці шлях”.
XS
SM
MD
LG