Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр скандальнага расейскага гурту “Ленинград” выступае ў падтрымку прафэсара Бандажэўскага


Ул. інф. Сяргей Шнураў, лідэр расейскай групы “Ленинград”, скандаліст і адзін з самых папулярных музыкаў і паэтаў расейскай моладзі стаў адным зь ініцыятараў міжнароднага звароту да Аляксандра Лукашэнкі адносна вызваленьня прафэсара Юрыя Бандажэўскага.

Акцыя адбылася ў часе выступленьня групы “Ленинград” ў горадзе Кэмбрыдж, што ў амэрыканскім штаце Масачусетс. Пад заклікам, які распаўсюдзілі Шнураў, ягоная група дый таксама прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Эмністы Інтэрнэшнл” падпісаліся большасьць гледачоў, што прыйшлі на канцэрт “Ленинграду”

Паводле Сяргея Шнурава, удзел музыкантаў у падобнай акцыі ня ёсьць “піярам”, а сьвядомай справай. “У апошні час я ня бяру ўдзелу ў тым, што мне не падабаецца”, – сьведчыць саліст групы.

Нагадаем, што ў лістападзе за вызваленьне Юрыя Бандажэўскага выступіла брытанская група ” The Cure”.

Плянуецца, што ў рамках фэстывалю Curiosa ў ЗША гэтая група таксама будзе расказваць пра Бандажэўскага і прапанаваць гледачам паставіць свой подпіс пад пэтыцыяй у падтрымку беларускага вязьня сумленьня Юрыя Бандажэўскага, перадае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG