Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратарыят Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з заўтрашняга дня будзе пазбаўлены доступу ў свае памяшканьні ў Доме літаратара


Валянціна Аксак, Менск Пра гэта нашаму радыё паведаміў сёньня Часлаў Праваловіч, начальнік адміністрацыйнага корпусу №5 — так з 1997 году афіцыйна называецца Дом літаратара.

Сваё рашэньне пазбавіць пісьменьнікаў памяшканьняў у Доме літаратара начальнік адміністрацыйнага корпусу Часлаў Праваловіч патлумачыў наступным чынам:

(Праваловіч: ) “Яны на сёньня не падпісалі дамовы на права карыстаньня гэтымі памяшканьмі і адмаўляюцца падпісваць і плаціць. Таму я сваім рашэньнем апячатаю іх, а яны — як хочуць і каму хочуць няхай скардзяцца”.

Гаворка ідзе пра два пакоі, у якім знаходзіцца сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў, бібліятэку Дому літаратара і кнігасховішча, якія, паводле кіраўніка корпусу, займаюць агулам плошчу звыш 700 квадратных мэтраў, і арэндная плата за якія складае 10 эўра за мэтар штомесяц. Што ж да далейшага выкарыстаньня вялікай залі для пісьменьніцкіх імпрэзаў, то спадар Праваловіч сказаў:

(Праваловіч: ) “Пакуль што я даю ім гэтае памяшканьне бясплатна. Раней была вусная дамова, што два мерапрыемствы на месяц я прадстаўляю ім бясплатна, і пакуль так і працягваецца”.

На маё пытаньне, як доўга будуць апячатаныя пісьменьніцкія пакоі ў Доме літаратара, начальнік адміністрацыйнага корпусу паведаміў:

(Праваловіч: ) “Да канца гэтага году павінна нешта вырашыцца”.

Ён сказаў, што рашэньне пра далейшы лёс пісьменьніцкіх памяшканьняў будзе прымаць Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое забрала Дом літаратара ў сваю ўласнасьць у 1997 годзе. Тады ж і пачалася гісторыя гэтага канфлікту. Гаворыць былая старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Яны мне рэгулярна насілі велізарныя рахункі аб аплаце і пагражалі, што саюз адсюль выкінуць. А я казала заўсёды адно і тое: плаціць нам няма чым, мы ў сваім доме. І на гэтым усё заканчвалася. Цяпер яны вырашылі перайсьці ўжо ў рашучае наступленьне на Саюз беларускіх пісьменьнікаў”.

Сёньня ўвечары сваё рашэньне па сытуацыі прыме нечарговая рада Саюзу пісьменьнікаў.
XS
SM
MD
LG