Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За продаж нерухомасьці, што была набытая менш як тры гады таму, трэба будзе плаціць вялікі падатак


Альгерд Невяроўскі, Менск Напрыканцы мінулага тыдня Палата прадстаўнікоў накіравала Аляксандру Лукашэнку на ўзгадненьне праект “Закону аб падаходным падатку”. Найбольш спрэчная норма гэтага законапраекту — увядзеньне падаходнага падатку з продажу нерухомасьці, калі яна прадаецца цягам трох гадоў ад часу набыцьця. Прадстаўнікі ўладаў гавораць, што гэтая норма дапаможа пазьбегнуць махінацыяў на рынку нерухомасьці. Незалежныя ж эканамісты з гэтым не пагаджаюцца і называюць новую норму палітычна матываванай.

Праект “Закону аб падаходным падатку” быў прыняты ў першым чытаньні яшчэ Палатай прадстаўнікоў другога скліканьня. Але зь вясны да гэтага праекту, пададзенага ў палату Аляксандрам Лукашэнкам, было выказана нямала заўвагаў і прапановаў. Частка зь іх была прынятая, частка — не. Так, адхіленая прапанова браць падаходны падатак з гэтак званай эканамічнай выгады. Гэта, напрыклад, калі чалавек мусіў бы плаціць падатак за крэдыт, калі яго адсотак ніжэйшы за рынкавы. Але засталося палажэньне, паводле якога з грамадзяніна, што атрымаў даход на дадатковым месцы працы, могуць адразу ж спагнаць фіксаваны падатак 20%.

Аднак самае спрэчнае палажэньне — падаходны падатак з продажу нерухомасьці, калі яна прадаецца цягам трох гадоў ад часу набыцьця. Стаўка падатку ў такім выпадку будзе блізкая да 30%. Гэта значыць, калі чалавек прадае кватэру за 30 тысяч даляраў, то 10 тысяч ён павінен аддаць дзяржаве. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол лічыць, што гэтая норма справядлівая і што яна дапаможа засьцерагчыся ад махінацыяў на рынку нерухомасьці:

(Хрол: ) “Я лічу, што норма, якая ёсьць у законапраекце ў частцы таго, што раней чым адчужаць і не плаціць падатак, грамадзянін павінен быць уласьнікам, — апраўданая. Напісана ў праекце закону ня менш за пяць гадоў, але мы пагадзіліся на камісіі — ня менш за тры гады. Гэта прывядзе да таго, што на рынку нерухомасьці на будаўніцтве жыльля ня будуць зарабляць нашыя занадта прадпрымальныя грамадзяне. Ім прыйдзецца калі й будаваць жыльлё, то ў гэтым жыльлі хаця бы тры гады пажыць. А потым прадаваць. Сёньня адбываецца ўсё наадварот. Я лічу, што гэта справядліва”.

А вось меркаваньне незалежнага эканаміста Леаніда Злотнікава:

(Злотнікаў: ) “Гэта палітычнае пытаньне, яно не эканамічнае. Тут дзяржава становіцца вышэй за свайго грамадзяніна і лічыць, што калі дзяржава дапамагала яму будаваць кватэру, то яна будзе кантраляваць, каб чалавек не нажыўся на гэтай кватэры. Некаторыя атрымліваюць гэтыя крэдыты, будуюць кватэры, потым прадаюць, зноў крэдыты й г.д. І зарабляюць на гэтым грошы. І дзяржава хоча, каб грошай не зараблялі. Я лічу, што з палітычнага пункту гледжаньня гэта проста кантроль дзяржавы над грамадзянінам. Было б лепш, каб яго не было”.

Леанід Злотнікаў таксама лічыць ненармальным, што “Закон аб падаходным падатку” прымаецца менавіта цяпер. Гэта, на ягоную думку, можа выклікаць сур’ёзныя зьмены ў прынятым некалькі месяцаў таму дзяржаўным бюджэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG