Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Леанід Кучма так настойвае на зьмяненьні Канстытуцыі?


Валер Каліноўскі, Кіеў А 20-й гадзіне ў Кіеве пачаўся круглы стол канфліктуючых бакоў зь міжнародным пасярэдніцтвам. Для ўрэгуляваньня сытуацыі прыбылі ўсе ўдзельнікі ранейшых паседжаньняў: прадстаўнік Эўразьвязу Хаўер Саляна, прэзыдэнты Польшчы і Літвы Аляксандар Квасьнеўскі і Валдас Адамкус, генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш, сьпікер расейскай Дзярждумы Барыс Грызлоў. Перад пачаткам гэтай сустрэчы дзейная ўлада і блёк “Наша Ўкраіна” выказалі свае пазыцыі.

У Марыінскім палацы пачаўся трэці раўнд перамоваў кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Ўкріаны Віктара Юшчанкі і Віктара Януковіча, пры ўдзеле Леаніда Кучмы, сьпікера Вярхоўнай Рады Ўладзімера Літвіна і міжнароджных пасярэднікаў.

Дзейны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма раней сёньня зноў сабраў частку ўраду, без Януковіча, ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі і заявіў сваю пазыцыю.

Упершыню ён ацаніў рашэньне Вярхоўнага суду, сказаўшы, што “яго трэба выконваць”.

(Кучма: ) “Я яшчэ раз хачу заявіць, што я гатовы на далейшыя крокі, каб зьняць нічым, на мой погляд, не матываваную напружанасьць у грамадзтве”.

Паводле Леаніда Кучмы, адстаўка ўраду Януковіча, чаго дамагаецца апазыцыя, і фармаваньне новага кабінэту магчымыя толькі ў выпадку зьмяненьняў Канстытуцыі.

Кучма зноў запатрабаваў, каб закон, які б забясьпечваў сумленнасьць выбарчага працэсу, і зьмены ў Канстытуцыі, што абмяжоўваюць правы прэзыдэнта, прымаліся адным пакетам. І ён нават гатовы іх падпісаць адразу ў сэсійнай зале парлямэнту.

Гаворачы пра патрабаваньні апазыцыі накіраваць у адстаўку ЦВК, Кучма заявіў, што ня бачыць для гэтага законных падставаў. Яны ўзьнікнуць зноў жа пасьля пакетнага прыняцьця зменаў у выбарчы закон і Канстытуцыю.

Чаму так настойвае Леанід Кучма на зьмяненьні Канстытуцыі за некалькі тыдняў да сканчэньня ягоных паўнамоцтваў. Дэпутат Юры Кармазін тлумачыць гэта імкненьнем Кучмы “пераўтварыць сваё паражэньне ў перамогу”.

Так званая палітычная рэформа прадугледжвае скарачэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, прычым сфармаваны яшчэ Кучмам урад мае застацца і пасьля абраньня новага прэзыдэнта. Пайсьці на гэты плян, які нечакана падтрымалі лідэр сацпартыі Мароз і сьпікер Вярхоўнай Рады Літвін, блёк партыяў “Наша Ўкраіна” не пагаджаецца. Яна прапануе іншы варыянт палітычнай рэформы і настойвае, што спачатку трэба зьмяніць цяперашнюю ўладу, а ўжо потым – палітычную сыстэму Ўкраіны, гэта значыць, увесьці палітычную рэформу ў дзеяньне з 1 студзеня 2006 года альбо адначасова з абраньнем новага парлямэнту, – заявіў прадстаўнік “Нашай Украіны” Віктар Пінзэнык.

Сёньня “Наша Ўкраіна” вылучыла дадатковыя патрабаваньні да Леаніда Кучмы – адстаўка генпракурора і губэрнатараў-сэпаратыстаў з усходу Ўкраіны.

У Вярхоўнай радзе працягваюцца кансультацыі, на думку сьпікера парлямэнту Ўладзімера Літвіна, увесь пакет законапраектаў можа быць ухвалены на пазачарговым паседжаньні парлямэнту ў аўторак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG