Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вясковы настаўнік вымушаны думаць не пра самаадукацыю, а пра нарыхтоўку сена і дроваў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тэма адставак і прызначэньняў высокапастаўленых чыноўнікаў была адной з асноўных на мінулым тыдні. Развагамі пра лёс высокіх начальнікаў дзеляцца ў сваіх лістах на Свабоду і некаторыя нашы слухачы. На гэтую тэму, у прыватнасьці, напісаў нам Васіль Тумаш зь Менску:

“У Беларусі цяпер адзін палітык, адзін дзяржаўны дзеяч, адзін чалавек, які прымае дзяржаўныя рашэньні. І ўсё — у адной асобе. Асоба гэтая ўсім вядомая: толькі яна мае права без абмежаваньня часу выступаць на высокіх нарадах, гаварыць з тэлеэкранаў і з трыбунаў.

Дзіўна, што пры гэтым столькі чыноўнікаў імкнуцца трапіць у ягонае блізкае атачэньне. Нібы ня бачаць, наколькі гэта небясьпечна. Няўжо яны спадзяюцца быць самастойнымі, распараджацца вялікімі грашыма, плесьці інтрыгі, прэтэндаваць на нейкую палітычную будучыню? Ва ўсіх жа перад вачыма сумны лёс тых, хто быў занадта блізка. І як балюча ім было падаць з гэткай вышыні. Іван Ціцянкоў, Галіна Жураўкова, Уладзімер Замяталін, Леанід Сініцын, Уладзімер Ярмошын, Міхаіл Чыгір, Тамара Віньнікава, а цяпер вось Урал Латыпаў… Ва ўсіх іх былі ключавыя пасады, яны лічыліся ледзь не ўсёмагутнымі. А фінал? Добра, калі не турма, а толькі бясслаўнае выгнаньне з канфіскацыяй прыватызаванай маёмасьці”.

Будзьма справядлівымі, спадар Тумаш, — кар’ера высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў канчаецца ня толькі драматычна. Напрыклад, былыя прэм’еры Сяргей Лінг і Ўладзімер Навіцкі атрымалі пачэсныя пасады з добрымі акладамі. Не былі канчаткова выкінутыя з намэнклятуры і адстаўленыя віцэ-прэм’еры і старшыні аблвыканкамаў — Даўгалёў, Кулічкоў, Вайцянкоў…

Але ў многім вы маеце рацыю: займаць высокую пасаду, блізкую да прэзыдэнцкага крэсла, ва ўмовах сёньняшняй Беларусі досыць небясьпечна. Гэта, зрэшты, датычыць ня толькі Беларусі — любой аўтарытарнай дзяржавы. Бо пагроза для неабмежаванай улады адной асобы пры такой сыстэме кіраваньня сыходзіць ня столькі ад апазыцыі (апазыцыя надзейна прыдушана карнымі органамі), колькі якраз ад блізкага атачэньня. Асабліва ад тых людзей, якія ў выпадку адхіленьня ад улады аўтарытарнага лідэра маюць шанцы заняць ягонае месца. Верагодна, таму гэтыя пасады так часта пераходзяць з рук у рукі.

Наш даўні слухач і аўтар Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну адклікнуўся на перадачу пра стан беларускай адукацыі, што прагучала ў нашым эфіры некалькі тыдняў таму. Спадар Бусел піша:

“Я трыццаць гадоў адрабіў у школе і зусім не пагаджаюся са спадаром Алесем Лозкам, які кажа, што школьная адукацыя ў нас добрая. На маю думку, яна кепская, прынамсі ў масавай школе (што ў горадзе, што ў вёсцы). І як жа яна можа быць добрай, калі 99 працэнтаў пэдагогаў — жанчыны? Самі па сабе жанкі — неблагі фактар, але калі іх зашмат ці супэршмат, гэта ўжо бяда. Гэта — масавы канфармізм, згодніцтва, сьляпое выканаўства, дробныя інтрыгі… Гэтае засільле жанчын адмоўна ўплывае на фармаваньне псыхалёгіі дзіцяці, фэмінізуе (у горшым сэнсе) усё, што ахапляе.

Прычына гэтага — кепскае фінансаваньне. Цяпер прэсінг на настаўніц значна ўзрос. Бязглуздая татальная кантрактызацыя падвысіла дыскамфорт, што ня можа не адбіцца на вучнях. А ўжо пайшла пагалоска пра планы на ўразаньне працягласьці настаўніцкага адпачынку. Гэта будзе асінавы кол для прафэсіі.

Адукацыя ня можа быць добрай, калі настаўнік ня ў стане папаўняць свае веды (а рабіць гэта трэба ўвесь час). З прычыны беднага заробку мала хто купляе кнігі. Кампутар дома ды інтэрнэт пакуль што для бальшыні — па-за межамі мараў. А ці багата настаўнікаў бачылі белы сьвет? Як прыходзіць летні адпачынак, я мушу брацца за нарыхтоўку сена, дроваў, за бульбу. “Заліты потам горкім вочы…” — напісаў у сваім лісьце на Свабоду настаўнік Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну.

Думаю, спадар Бусел, не выпадае спрачацца з вашымі высновамі адносна беларускага настаўніцтва. Для вас — чалавека, які гэтулькі гадоў аддаў школе — усе гэтыя праблемы знаёмыя значна лепш, чым любым сталічным тэарэтыкам. Заўважу: вельмі значная частка сябраў выбарчых камісіяў усіх узроўняў (і ў горадзе, а асабліва на вёсцы) — гэта якраз тыя настаўніцы, пра якіх вы, спадар Бусел, пішаце. Гэта іх рукамі альбо пры іх маўклівай згодзе праведзеныя апошнія выбары і рэфэрэндум, у выніку якіх у Палату прадстаўнікоў не дапушчаны ніводзін не пажаданы для ўлады палітык, а Аляксандар Лукашэнка атрымаў права да канца сваіх дзён балятавацца на пасаду прэзыдэнта. І многае тут тлумачыцца якраз прыніжаным станам беларускага настаўніцтва, яго поўнай залежнасьцю ад мясцовага начальства, яго жабрацкімі заробкамі, неабходнасьцю трымаць гаспадарку і аддаваць час, які патрэбен для самаадукацыі, сьвінагадоўлі ды нарыхтоўцы сена для каровы.

Наш слухач з Магілёва Аляксей Рэдкі ў сваім лісьце маляўніча апісвае вулічную сцэну, сьведкам якой ён стаў у цэнтры гораду напярэдадні дзяржаўнага сьвята 7 лістапада. Неахайны каржакаваты мужчына з грузам сабраных на сьметніку бутэлек і паперы вельмі ня ўпісваўся ў выгляд сьвяточнага праспэкту, што зіхацеў агнямі. І паставы міліцыянэр разам з грамадзянінам у цывільным перагарадзілі “бамжу” дарогу і паспрабавалі даставіць яго ў так званы “грамадзкі пункт аховы парадку”.

“Ох ужо гэты пункт аховы парадку, — піша Аляксей Рэдкі. — Аднаго разу і мне з кумам давялося пабываць там. Але ж і доўга пасьля гэтага ў нас нылі бакі…Але гэта — асобная гісторыя. Напэўна, затрыманы бомж таксама ведаў, што яго чакае, а таму стаў апантана супраціўляцца. Ён, відаць, не здагадваўся, як моцна адным сваім выглядам псуе агульную карціну нашага беларускага дабрабыту, ды яшчэ напярэдадні сьвята вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі.

На дапамогу міліцыянту і чалавеку ў цывільным прыехаў цэлы мікрааўтобус з амонаўцамі ў плямістых касьцюмах. Як галодныя сабакі на мяса, накінуліся яны на зламысьніка. А той мёртвай хваткай ашчаперыў дрэва — і ні ў якую. Як тыя ні спрабавалі разьняць ягоныя рукі, як ні зьбівалі з ног цяжкімі чаравікамі, так і не адарвалі бедака ад дрэва. Побач пачалі зьбірацца людзі. Некаторыя сталі абурацца дзеяньнямі доблеснага “амону”, спачуваць бамжу. І амонаўцы ўрэшце здаліся, не дамогшыся свайго, хуценька зьехалі. Яшчэ хвілінаў пяць грамадзянін у цывільным пра нешта гаварыў з бамжом, пасьля чаго той нарэшце зь цяжкасьцю адарваў сябе ад дрэва, паслухмяна сабраў раскіданую паперу і разьбітыя бутэлькі — і сышоў у бок кінатэатра “Чырвоная зорка”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксей Рэдкі з Магілёва.

Гэтак жа імгненна падразьдзяленьні АМОНу зьяўляюцца ў баявой амуніцыі, як толькі паступае сыгнал пра тое, што на цэнтральнай плошчы сабралася некалькі хлопцаў зь бел-чырвона-белым сьцягам альбо нехта расклейвае ўлёткі падазронага зьместу. Іншая рэч, калі вас абрабавалі на вуліцы альбо ў транспарце, калі дзе-небудзь у цёмным двары зь мінакоў зьдзекуецца зграя п’яных хуліганаў… Тут вы можаце чакаць выкліканую міліцыю і гадзіну, і дзьве… І зьявіцца на выклік не атрад АМОНу з аўтаматамі, а стомлены пажылы ўчастковы альбо двое задыханых пузатых сяржантаў з гумавымі палкамі, якія самі гатовыя ўцякаць, убачыўшы зграю агрэсіўных недаросткаў.

Ліст ад Леаніда Хруцкага зь вёскі Новазаслонава Лепельскага раёну:

“Пішу вам упершыню і, магчыма, апошні раз. Ня маю ахвоты перапісвацца з сучаснымі СМІ. І вось чаму. Пачну з аналёгіі. Вельмі прыгожая мэлёдыя палянэзу Агінскага, але, калі яе перадаваць кожны дзень па некалькі разоў, то цікавасьць сама па сабе неяк зьнікае. А вось вашы перадачы ўвесь час аднолькавыя — як па зьмесьце, так і па тэматыцы. Я слухаю, калі маю час, толькі “Палітычную геаграфію” і “Паштовую скрынку 111”. Усё астатняе мяне не цікавіць.

Карацей кажучы, слухаў да 31 кастрычніка, да ўвядзеньня зімовага часу. Ад 1 лістапада ні на адной з указаных хваляў нічога не чуваць — адзін шум. Я думаў, што сапсаваўся мой радыёпрыёмнік “Акіян 209”. Але ж не, ён добра прымае расейскамоўныя перадачы з Канады, Англіі, ЗША, Кітаю, Ірану, Ватыкану. А значыць, прычына ў арганізацыі вяшчаньня на беларускай мове”.

Ад 1 лістапада хвалі, на якіх можна слухаць Беларускую Свабоду, зьмяніліся, спадар Хруцкі. Магчыма, у гэтым прычына таго, што вы сутыкаецеся зь цяжкасьцямі, калі настройваеце свой “Акіян”. Высылаем вам некалькі каляндарыкаў з новым раскладам, там вы знойдзеце дакладны пералік хваляў Беларускай Свабоды ў розны час сутак. Што да частых паўтораў у эфіры. Нашая штодзённая праграма разьлічаная найперш не на тых слухачоў, якія, уключыўшы прыёмнік а шостай вечара, не адрываюцца ад яго да поўначы. Вядома, такія людзі ёсьць, але іх усё ж ня надта шмат. Большасьць жа слухачоў знаходзіць ня надта шмат часу для радыё — гадзіну-паўгадзіны. Ведаючы расклад, яны ў любы час, калі гучыць Свабода, могуць знайсьці тое, што іх цікавіць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG