Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ заклапочаная падзеямі ў Беларусі, а міністар замежных справаў Беларусі рэзка крытыкуе яе дзейнасьць


Юры Сьвірко, Менск У Сафіі распачалося двухдзённае паседжаньне рады міністраў замежных справаў АБСЭ, падчас якога прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу выказалі сваю заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі. А беларускі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў выказаў заклапочанасьць тым, што АБСЭ сталася “мяккацелай, аморфнай структурай”, а інструмэнтар яе “ня толькі сур’ёзна затупіўся – ён проста не адпавядае новаму часу”.

Хаця галоўную ўвагу выступоўцы ў Сафіі надалі ўкраінскім падзеям, беларуская сытуацыя таксама выклікае занепакоенасьць краін Эўразьвязу.

У першым жа выступе на паседжаньні міністра замежных справаў Нідэрляндаў, якія да канца году старшынююць у Эўрапейскім Зьвязе, ад імя гэтай арганізацыі было заяўлена, што, на думку Эўразьвязу, “для дэмакратычнай Беларусі ёсьць месца ў эўрапейскай сям’і нацыяў”.

Бэрнард Бот дадаў: “Мы зноў заклікаем беларускія ўлады пачаць разьвіваць добрыя стасункі паміж урадам і грамадзянскай супольнасьцю канструктыўным чынам, выкарыстоўваючы даступную дапамогу з боку АБСЭ”.

Але празь некалькі хвілін міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, які выступаў пятым, заявіў пра “нарастаньне глыбокага структурнага й канцэптуальнага крызысу” АБСЭ, зь якой, паводле яго, зрабілі “мяккацелую, аморфную структуру, роля якой зводзіцца да таго, каб “адпрацоўваць” палітычныя рашэньні, ужо выпрацаваныя іншымі інстытутамі”.

На думку спадара Мартынава, некаторыя функцыі АБСЭ пераходзяць да іншых арганізацыяў і структураў, а Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ падчас назіраньня за выбарамі карыстаецца недасканалай мэтадалёгіяй, да таго ж высновы гэтага бюро “пераўтварыліся ў інструмэнт палітычнага ціску, прычым такога, што ўжываецца яўна на аснове падвойных стандартаў”. Таму гэтае бюро робіцца “чыньнікам дэстабілізацыі”, сказаў кіраўнік беларускага МЗС.

Сяргей Мартынаў скрытыкаваў і працу місіяў АБСЭ кшталту яе офісу ў Менску. Ён сказаў, што ёсьць толькі “бясконцая рыторыка пра выключную каштоўнасьць палявых прысутнасьцяў і місіяў як унікальнага інструмэнту АБСЭ”, ды сам рытарычна спытаўся: “Ці варта траціць, да прыкладу, мільён эўра на ўтрыманьне місіі, каб урэшце рэалізаваць праектаў на некалькі дзясяткаў тысяч эўра?”

Беларускі міністар заклікаў правесьці інвэнтарызацыю місіяў і ад шэрагу зь іх адмовіцца, а таксама нагадаў, што Менск накіраваў дзеля гэтага пакет прапановаў, які па-ранейшаму застаецца на стале перамоваў. Гэта, на думку Сяргея Мартынава, сьведчыць, што інструмэнтар АБСЭ “ня толькі сур’ёзна затупіўся – ён проста не адпавядае новаму часу”.

Шэф беларускага МЗС зазначыў, што “АБСЭ працягвае знаходзіцца ў стане глыбокага сыстэмнага, функцыянальнага ды, калі хочаце, сьветаўспрымальнага крызысу”, арганізацыя не змагла адаптавацца да новых рэаліяў.

Заявіўшы пра неабходнасьць глыбокага рэфармаваньня АБСЭ, спадар Мартынаў сказаў, што ад гэтага будзе залежаць сутнасьць галоўнага пытаньня: “Якая нам патрэбная АБСЭ?” або “Ці патрэбная нам АБСЭ?”

Міністарка замежных справаў Швэцыі Лайла Фрэйвалдс зазначыла, што “сытуацыя ў Беларусі ёсьць прадметам сур’ёзнай заклапочанасьці”.

“Мы павінны працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы й грамадзянскую супольнасьць у гэтай краіне”, – сказала спадарыня Фрэйвалдс і падкрэсьліла: “Мы таксама павінны глядзець, каб беларускае насельніцтва не было ізаляванае”.
XS
SM
MD
LG