Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забабоны: паэзія штодзённага жыцьця


Галіна Жарко, Менск Адукаваныя людзі трэцяга тысячагодзьдзя часам паводзяць сябе гэтаксама, як іхныя даўнія продкі. Бывае, хоць і пасьмейваючыся зь сябе, плюнуць празь левае плячо альбо глянуць у люстэрка, вярнуўшыся па забытую рэч...

Некалі савецкая прапаганда называла забабоны цемрашальскімі перажыткамі, а веру як у Хрыста, так і ў лесавікоў ды дамавікоў тлумачыла недахопам адукаванасьці. Непатрэбнае з галоваў павінен быў зьліквідаваць “лікбез”, але нічога не атрымалася. Вось, напрыклад, выдатна адукаваная частка грамадзтва ўзяла дый стварыла свой пантэон і сыстэму павер’яў у нязнанай раней прасторы – віртуальнай.

Старажытныя беларусы верылі, што, калі перавернеш шапку задам наперад, сустрэнеш лесавіка. Баразна каля парогу засьцеражэ ад чараўнікоў. А цяперашнія аматары кампутарных гульняў упэўненыя, што вядзьмарка Гейма крадзе час. Чалавек думае, што пагуляў гадзінку, а праседзеў цэлую ноч. Той, хто Гейме спадабаўся, хутчэй састарэе.

І нават самыя адукаваныя плююць, бывае, празь левае плячо.

(Галасы: ) “Спатыкнуся, дык паплюю празь левае плячо. І ўсё нармальна”.

“Каб не сурочылі, трэба сказаць ціха: “Соль табе ў вочы!”

“Калі нешта ўпадзе на падлогу, кажуць: “Нехта сьпяшыць”. А другі адкажа: Альбо бязрукі дзяржыць...”

“Прымхі? А што гэта? А, прыкметы! Пасядзець перад дарогаю...”

“Грэх пляваць праз плячо, па дрэве стукаць... Бацюшка ў царкве казаў”.

“Бывае наадварот, 13-га – шчасьлівы дзень”.

“Асабліва ня веру... Але перад экзамэнам галавы ня мыю. Уся сіла ў валасах. Цяжарным нельга стрыгчыся”.

Старажытныя людзі не аддзялялі сябе ад прыроды. Сыстэма прымхаў і забабонаў дапамагала грамадзтву захоўваць гарманічныя ўзаеміны са сьветам. Гаворыць фальклярыст Іван Крук:

(Крук: ) “Страшэнна не люблю слова забабоны. Яно магло ўзьнікнуць, калі ўнук бегаў за бабуляю і гукаў: “Бабо!” Нейкіх рэаліяў жыцьця нашых продкаў мы не захацелі зразумець, альбо не спасьціглі. Баяцца гэтага ня трэба. Гэта трэба ведаць, разумець і абавязкова карыстацца ў жыцьці”.

Некаторыя амэрыканскія псыхааналітыкі ў прымхлівасьці бачаць станоўчы момант. Чалавеку здаецца, што ён, выконваючы некаторыя дзеяньні, кантралюе сытуацыю. І яму спакайней. Прымхлівымі людзі робяцца ў цяжкія пэрыяды жыцьця – у сытуацыі, калі трэба рабіць нейкі выбар альбо прымаць рашэньне. Насамрэч, ніхто не баіцца чорнага ката. Гэты сымбаль магчымае няўдачы прыгрэўся на руках спадарыні Вольгі:

(Вольга: ) “Вось і ня вер… Вось чорны кот...”

(Карэспандэнтка: ) “Але, здаецца, чорных катоў ужо не баяцца?..”

(Вольга: ) “Не! Калі чорны кот дарогу перабяжыць, трэба тармазнуць!”

Чорны кот – клясыка. Але жыхары Англіі ўпэўненыя, што ён прыносіць посьпех. Вытокі гэтага перакананьня варта шукаць у старажытным Эгіпце, дзе быў культ чорнае кошкі. У Ёркшыры чорны кот гарантуе бясьпеку гаспадарам. Беларусы таксама выкарыстоўваюць яго.

(Крук: ) “Калі людзі засяляюцца ў новую хату, першым трэба запусьціць чорнага ката. Зразумець гэта цяжка. Але, калі паглядзець... Новае, асабліва новая пабудова, заўсёды патрабавала ахвяры – гэта вельмі даўняя традыцыя з эгіпецкае, юдэйскае этнакультуры. Таму старыя людзі баяліся пераходзіць у новую хату. Бо разумелі: гэтай ахвярай будуць яны. Запускалі першай котку. Няхай дамавік забірае яе. Але чорная котка (не якая-небудзь, а менавіта чорная!) заўсёды знойдзе паразуменьне з тымі сіламі. Котка заставалася жывая, і дзяды пераходзілі ў хату. Усё мудра, гарманічна й прыстойна”.

У старажытнай Індыі лічылася, што душа чалавека жыве ў ягоных зрэнках. Злы чалавек праз вочы можа скрасьці душу іншага чалавека. Паводле апытаньня, 84% дзяўчат і 72% юнакоў – сучасных студэнтаў аднаго з амэрыканскіх ўнівэрсытэтаў – вераць у сурокі. Што ўжо казаць пра беларусаў...

(Вольга: ) “Памятаю, на Палесьсе паехалі. Пасьля Малдавіі, загарэлыя і ў шортах. Падыходзім да вёскі, кабета ўбачыла нас і гукае: “Валя, а што гэта на табе? Ні спадніца, ні трусы...” А Валя кажа: “Гэта шорты”. “Якія чорты?! Каб цябе самую чорты ўзялі!” Што здарылася? Аднялася нага. Матуля адразу пытаецца: “Каго вы сустрэлі? Ага, тую бабу! Ну, гэта яна й сурочыла”. Глянула дрэнным вокам. А бацька кажа: “Як я выходжу на паляваньне і гэтая баба выйдзе насустрач, усё! Нічога ня будзе. Прыйдзеш пусты. Адразу вяртаюся дахаты”. Вось табе і прымхі, і забабоны!”

Існуюць забойствы, якія называюцца псыхасаматычнымі – калі чалавек памірае ад страху. Асуджаны на пакараньне сьмерцю аўстралійскі абарыген памірае толькі ад таго, што шаман, прачытаўшы заклёны, проста паказвае на яго косткаю. Белы чалавек успрыме гэта як забаўнае шоў...

Выпадак, пра які расказала спадарыня Вольга, здарыўся на Палесьсі. Гэта ўнікальная мясцовасьць, бо, паводле вучоных, тут найлепш захаваліся прымхі й забабоны як сыстэма сьветапогляду. Балоты. У Карпацкіх гарах тое самае. Ёсьць яшчэ й трэці рэгіён – поўнач Расеі, Заанежжа.

З забабонамі заўсёды змагаліся і камуністычная партыя, і царква. Але ўсё вельмі ня проста, лічыць праваслаўная верніца:

(Верніца: ) “Нездарма кажуць: гром не прагрыміць, селянін не перахрысьціцца. Людзі бягуць у храм ставіць тоўстыя сьвечкі. І пры гэтым сочаць, каб нехта не перадаў сьвечкі леваю рукою. Вясковыя сьвятары адчыняюць Царскія вароты, бо пра гэта просяць сваякі парадзіх. Гэта быццам бы павінна дапамагаць пры цяжкіх родах. А тэхнафобія: лічаць, што кампутары, банкаматы, сотавыя тэлефоны – чартаўшчына! І ў хрысьціянства людзі прыносяць магію. Не імкнуцца ачысьціць душу, а шукаюць жыцьцёвае карысьці”.

Прымхі шырацца ў любым асяродзьдзі. Сусьветнае сеціва як унікальны сродак абмену інфармацыяй ня толькі паскорыў распаўсюджаньне прымхаў, але й нарадзіў свае. У жыцьці лічыцца нядобрым знакам сустрэць манаха, а ў сеціве – трапіць за банэрнай спасылкаю на рэлігійны сайт.

Кажуць, што няма больш забабонных людзей, чым лётчыкі. Дый ня толькі.

(Крук: ) “Я ведаю многіх бізнэсоўцаў, якія са спэцыяльным нумарам купюрку даляравую носяць у кішэні, якія з дому ня выйдуць, не сказаўшы нейкіх словаў”.

Наведнікі казіно вельмі прымхлівыя. Яны шукаюць “шчасьлівы” стол, апранаюць “шчасьлівы” гарнітур... А вось у люстэрка не глядзяцца. Нельга, бо прайграеш. У якасьці талісмана мужчыны бяруць з сабою жанчыну. Яна павінна быць побач. І не размаўляць!

Паводле даўняе беларускае традыцыі, таксама варта трымаць язык за зубамі. І не выносіць з хаты сьмецьця пасьля захаду сонца.

(Хлопец: ) “Сам я ў нешта такое ня веру. Альбо кажу сабе, што ня веру. Але ў мяне бабуля ёсьць, дык, здаецца, яна іх на хаду выдумляе. У нас некаторыя праблемы вырысоўваюцца са сьмецьцем. У яе была прыкмета, што нельга выносіць сьмецьця, калі некага дома няма. Пасьля высьветлілася, што сьмецьця ўжо нельга выносіць у выходныя дні. Цяпер ужо сьмецьця нельга выносіць у другой палове дня. Прамежак часу, калі можна, скарачаецца й скарачаецца…”

Калі прымірыцца зь некаторымі нязручнасьцямі, што ствараюць прымхі й забабоны, дык нельга не пагадзіцца зь Ёганам Вольфгангам Гётэ, які называў іх паэзіяй жыцьця.
XS
SM
MD
LG