Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як змагацца з ранішнім стрэсам?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы лекары ўсё часьцей гавораць пра выпадкі гэтак званай “транспартнай амнэзіі” ды іншых захворваньняў, на якія церпяць людзі, вымушаныя штодня раніцай ехаць на працу грамадзкім транспартам ці ўласным аўто. Што, паводле польскіх навукоўцаў, пагражае той арміі людзей, якія штодня раніцай едуць на працу – ці, можна сказаць, усім нам?

Паводле дасьледаваньняў польскіх навукоўцаў, значная колькасьць палякаў мае цяжкасьці з тым, каб хутка абудзіцца і хутка ўстаць раніцай з ложка – для іх гэта вялікі стрэс. Потым, пасьля сьняданку, калі чалавек садзіцца ў грамадзкі транспарт ці ўласны аўтамабіль – а там натоўп ці коркі на дарогах – і стрэс узмацняецца.

У выніку, многія маюць гэтак званую “транспартную амнэзiю” – з-за вялікай колькасьці нэгатыўных эмоцыяў людзі папросту ня памятаюць амаль нічога з таго, што рабілася вакол іх – у трамваі, на вуліцы – пакуль яны ехалі на працу. Але ня ў гэтым праблема. Навукоўцы высьветлілі, што такі стан вельмі небясьпечны – цягам першых гадзінаў дня хутка б’ецца сэрца і падвышаецца ціск, што ў выніку ўзмацняе пагрозу інфаркту ці інсульту.

Якія парады даюць польскія адмыслоўцы, каб пазьбегнуць ранішняга стрэсу і зьвязаных зь ім захворваньняў? У часе, калі мы едзем на працу, нашыя магчымасьці ўплываць на тое, што робіцца навокал, мінімальныя. Аднак ёсьць рэчы на якія мы ўсё ж можам ўплываць – і менавіта іх псыхатэрапэўты радзяць кантраляваць. Прапаную паслухаць Агнешку Кулігоўску з варшаўскага цэнтру псыхічнага здароўя:

(Кулігоўска: ) “Мы можам сьвядома паклапаціцца пра свае думкі – накіраваць іх на нешта прыемнае, каб, едучы ў транспарце, занадта не пераймацца коркамі, непрыемным суседам ці думкамі пра 8 гадзінаў працы. Варта таксама кантраляваць дыханьне, гэта значыць, дыхаць глыбока і рытмічна. Гэта, напэўна, дапаможа пазбавіцца ад раздражняльнікаў, якія выклікаюць стрэс і робяць ранак непрыемным”.

А вось кіроўцам, якія вымушаныя стаяць раніцай у корках, польскія псыхатэрапэўты акрамя гэтага радзяць яшчэ слухаць спакойную музыку.
XS
SM
MD
LG