Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 6 сьнежня пачне курсаваць хуткасны электрацягнік павышанай камфортнасьці Менск – Берасьце


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

Сяргей Сідорскі – самы пасьпяховы кіраўнік ураду незалежнай Беларусі, калі меркаваць па фармальным выкананьні 16 прагнозных сацыяльна-эканамічных паказьнікаў, сьцьвярджае “Белорусская газета”. Але пры падвядзеньні вынікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны прэзыдэнт да пераможных рэляцыяў ураду паставіўся холадна. Чаму так адбылося, чытайце ў артыкуле Яраслава Раманчука ў панядзелкавым нумары.

Яшчэ адзін артыкул “Белорусской газеты” – “Ілюзія ў далярах” – пра тое, чаму беларускі ўрад не пералічвае заробкі ў эўра. Затое кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, мытня, ліцэнзійныя органы вельмі добра арыентуюцца ў дынаміцы курсаў валют, і даўно перайшлі на калькуляцыю рахункаў за арэнду, мытныя зборы, страхоўкі ў эўра. А вось ўрад пры вызначэньні заробкаў ўпарта не заўважае 30-ці адсоткавай дэвальвацыі даляру ў дачыненьні да эўра.

У артыкуле “У чаканьні беларускага сафары” “Белорусская газета” прыходзіць да сумнай высновы, што цяпер сярэдні беларускі паляўнічы – зусім не эксклюзіўны – можа закінуць сваю стрэльбу на гарышча. Адпаляваўся. Хутчэй за ўсё, экзатычнае хобі яму стане не па кішэні.

У артыкуле “Разьведчыка зьмяніў дэсантнік” аглядальнік “Белорусского рынка” Павал Быкоўскі аналізуе новыя кадравыя прызначэньні і адстаўкі ў вышэйшых эшалёнах беларускай ўлады.

Заява старшыні БСДП “Народная грамада” Мікалая Статкевіча пра стварэньне аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, выклікала “бунт намесьнікаў”. Статкевіч заклікае іх ахвяраваць асабістымі амбіцыямі й заняцца канструктыўнай працай па аб’яднаньні, а ягоны апанэнт Уладзімер Нісьцюк бачыць іншае выйсьце з крызысу– кіраўніцтву партыі трэба ўсім складам пайсьці ў адстаўку і абраць новае кіраўніцтва. Пра канфлікт ў “Народнай грамадзе” чытайце ў “Белоруском рынке”

З пачатку году сярэднія кошты на менскія кватэры вырасьлі амаль на чвэрць. Што далей? – пытаюцца ня толькі патэнцыйныя пакупнікі і прадаўцы, але і тыя, каго жыльлёвы рынак прываблівае з пункту гледжаньня ўдалага ўкладаньня сродкаў. Калі гэта пытаньне цікавіць і вас – прачытайце артыкул Кацярыны Булатэцкай “Пакупніка коштам не спыніш?”

“Брестская газета” паведамляе, што ад сёньняшняга дня, 6 сьнежня, па панядзелках і серадах зь Менску ў Берасьце і назад будзе курсаваць хуткасны электрацягнік павышанай камфортнасьці, які пераадолее адлегласьць ў 350 кілямэтраў паміж сталіцай і горадам над Бугам за 4 гадзіны 20 хвілінаў. Вагоны абсталяваныя крэсламі самалётнага тыпу, відэаапаратурай, абслугоўваюцца праваднікамі, ёсьць бар. Кошты – як у звычайным пасажырскім цягніку. Гэта добрая навіна для берасьцейцаў.

І дрэнная – у Берасьці з 30 лістападу спыненая рэтрансьляцыя польскіх каналаў ТВП-1, ТВП-2 і POLSAT. Такое рашэньне прынятае Міністэрствам інфармацыі – дарэчы, адначасова з загадам FM станцыям трансьляваць 75% беларускай музыкі. Такім чынам, глядзець і слухаць можна толькі сваё!

І есьці таксама. Упраўленьне гандлю і спажывецкага рынку Берасьцейскага гарвыканкаму запэўнівае, што перад Новым годам перабояў з прадуктамі ня будзе. Гандляры гарантуюць: як мінімум 4 віды шампанскага, ад 70 да 140 гатункаў каўбас (асноўныя вытворцы – Берасьцейскі, Бярозаўскі і Белавескі мясакамбінаты). Дэфіцыту берасьцейскай гарэлкі таксама ня будзе – суцяшае “Брестская газета”.
XS
SM
MD
LG